Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На гэтым тыдні грамадзянская ініцыятыва “Хартыя-97” распачала акцыю “Свабодны Інтэрнэт”. “Літаральна некалькі крокаў аддзяляе грамадзтва ад поўнай інфармацыйнай блякады, — заяўляе прэсавы цэнтар “Хартыі”. — Мы мяркуем, што адным з гэтых крокаў стане спроба закрыць доступ беларускім карыстальнікам да Інтэрнэт-рэсурсаў непрыемнай тэматыкі — сайтаў навінаў, электронных вэрсіяў незалежных СМІ, сайтаў апазыцыйных партыяў і рухаў, аматарскіх праектаў аб апошнім дыктатары Эўропы”. Таму, лічыць “Хартыя”, усе павінны быць гатовыя дзейнічаць ва ўмовах узмацненьня прэсінгу ўладаў. Мэта праекту “Свабоды Інтэрнэт” — забясьпечыць незалежнай інфармацыяй аб Беларусі ўсіх, хто шукае яе ў Інтэрнэце. Пра гэтую акцыю я гавару з актывістам “Хартыі” Алегам Бябеніным. Няўжо сапраўды настолькі сур’ёзная і рэальная пагроза зьнікненьня доступу да некаторых апазыцыйных сайтаў у Інтэрнэце?
Бябенін: “Пагроза “закрыцьця” Інтэрнэту для беларускіх карыстальнікаў вельмі рэальная. Мы пералічылі шмат чыньнікаў, якія сьведчаць пра гэта — завісаньне ўсіх навінавых сайтаў 9 верасьня 2001 году падчас прэзыдэнцкіх выбараў; гэта і тое, што цяпер у Інтэрнэт-кавярні можна карыстацца сецівам толькі прад’явіўшы пашпарт; Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка патрапілі за краты фактычна за тое, што матэрыялы супраць Лукашэнкі былі надрукаваныя на Інтэрнэт-сайце газэты “Пагоня” і гэтак далей.
Нас вельмі занепакоілі словы міністра інфармацыі Падгайнага, які ў інтэрвію газэце “Обозреватель” ужо параўнаў уласьнікаў навінавых сайтаў з уласьнікамі порнарэсурсаў і заявіў, што будзе іх перасьледаваць. Больш за тое, у нас ёсьць унутраная тэхнічная інфармацыя, што тэхнічнымі сродкамі ўлады ўжо прыглядаюцца да нашага сайту ды іншых апазыцыйных рэсурсаў. Ідзе тэхнічнае пранікненьне да нас.
Таму мы расьпісалі комплекс прэвэнтыўных захадаў, гэткі невялікі курс адукацыі для карыстальнікаў беларускага Інтэрнэту. Бо, на нашую думку, найперш для іх узьнікнуць цяжкасьці з доступам. На дзяржаўным узроўні, на той адзінай кропцы выхаду ў Інтэрнэт для ўсіх беларусаў існуе тая адзіная кнопка, якая дазваляе адным націскам перакрыць доступ да рэсурсаў, якія гавораць праўду”.
Цыганкоў: “І што вы прапануеце? Што павінен будзе рабіць чалавек, які ў пэўны момант ня здолее патрапіць на старонку “Хартыі”?”
Бябенін: “Мы прапануем два шляхі. Першы — падпісацца на нашу штодзённую рассылку навінаў. Кожны вечар мы рассылаем усе навіны нашага сайту па электронных адрэсах. Гэта самы просты шлях.
Другі варыянт — мы прапануем карыстацца гэтак званым “ананімайзэрамі”. Гэта такія сайты, якія дазваляюць карыстальніку хаваць ягоныя пошукі ў Інтэрнэце. Чалавек заходзіць на ананімайзэр, і ўжо з гэтай старонкі пераходзіць на наш сайт. Гэта вельмі проста, гэтым карыстаюцца, напрыклад, Інтэрнэт-карыстальнікі ў Кітаі”.
Цыганкоў: “Чаму вы пачалі сваю акцыю менавіта цяпер? Вы лічыце, што ў палітычнай кампаніі, якую, магчыма, хутка пачне Аляксандар Лукашэнка, Інтэрнэт стане асаблівай мішэньню?”
Бябенін: “Уласны досьвед падказаў, што час пачынаць. У “рэальным” жыцьці беларусы ўсё больш застаюцца безь незалежных СМІ, таму яны шукаюць інфармацыю ў Інтэрнэце. Пра гэта сьведчыць статыстыка як нашага сайту, гэтак, дарэчы сайту Радыё Свабода.
Па-другое, людзі цяпер вяртаюцца з адпачынкаў, пачынаюць больш зьвяртацца да Інтэрнэту, працаваць у ім. Менавіта цяпер мы плянуем адукаваць найбольшую колькасьць людзей, якіх мы пасьпеем ахапіць за гэты пэрыяд. Бо праблемы пачнуцца, паводле нашых прагнозаў, ужо ў верасьні-кастрычніку.
Я бы запрасіў усіх, хто мае дачыненьне да тэхнічнага абсталяваньня ў Інтэрнэце, уладальнікаў навінавых сайтаў, тых, хто можа аказаць дапамогу ў распаўсюдзе любой незалежнай інфармацыі — каб усе гэтыя людзі ўключыліся ў нашую акцыю і дапамаглі захаваць Інтэрнэт зонай, вольнай ад лукашызму”.