Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ідэалёгія Лукашэнкі супраць расейскага рубля 10:47, 14/08/2003, Віктар Янін, gzt.ru
Пасьля заявы Ўладзімера Пуціна аб тым, што рубель стане беларускай валютай з студзеня 2005 году (гэта зьяўляецца першым сур’ёзным крокам да аб’яднаньня Расеі й Беларусі), Аляксандар Лукашэнка вырашыў умацаваць ў сваіх грамадзянах пачуцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці. Ён падпісаў указ "Аб сыстэме дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць ідэалягічную працу ў Рэспубліцы Беларусь”. Зараз ва ўсіх працоўных калектывах будуць уведзеныя пасады кіраўнікоў па ідэалёгіі, а ў ВНУ зьявіцца новая дысцыпліна – “Асновы ідэалёгіі Беларускай дзяржавы”.
"Мы канцэптуальна вызначыліся, якой мусіць быць нашая ідэалёгія, і сёньня вельмі важна забясьпечыць нашае штодзённае прасоўваньне наперад на месцах, на канкрэтных участках ідэалягічнага фронту", - заявіў Аляксандар Лукашэнка. Для "забесьпячэньня штодзённага прасоўваньня" згодна ўказаньню прэзыдэнта на прадпрыемствах, дзе працуюць 300 і болей чалавек, і ў калгасах з колькасьцю працоўных больш за 150 чалавек уводзяцца пасады намесьнікаў кіраўнікоў па ідэалёгіі. У малаколькасных калектывах абавязкі "политруков" будуць ускладацца на кіраўнікоў, якія курыруюць кадравыя і сацыяльна-бытавыя пытаньні. У гарадох і райцэнтрах зноў зьявяцца лектары таварыства "Знание", якія будуць тлумачыць асноўныя сьцьверджаньні палітыкі прэзыдэнта. Пры месьцячковых і сельскіх саветах, куды ня здолеюць часта заглядваць лектары таварыства "Знание", будуць стварацца куты ідэалягічнай працы (ранейшыя чырвоныя куткі), дзе кожны тыдзень павінны праводзіцца палітінфармацыі.
Істотная ідэалягізацыя чакае ВНУ. З новага навучальнага году ў іх уводзіцца новая дысцыпліна -- “Асновы ідэалёгіі Беларускай дзяржавы”. Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце ўжо распрацавала навучальную праграму, якую зацьвердзіла Мінадукацыі. У канцы навучальнага сэмэстра студэнты будуць здаваць экзамены па ідэалёгіі. Выкладчыкамі ідэалёгіі ў ВНУ стануць палітолягі, гісторыкі і выкладчкі іншых гуманітарных дысцыплінаў. На ідэалягічны фронт таксама будуць мабілізаваныя ветэраны вайны й працы, сьвятары. Апошнім адводзіцца роля “настаўнікаў духоўнасьці”. У хуткім часе зьявяцца і дыплямаваныя ідэолягі: у прэзыдэнцкай Акадэміі кіраваньня створаная для гэтых мэтаў адмысловая катэдра.
Нагадаем, што з моманту прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе за Беларусьсю трывала замацаваўся імідж "запаведніка сацыялізму". Лукашэнка вярнуў ранейшую, савецкую сымболіку дзяржавы, рэаніміраваў плянавую эканоміку, аднавіў таталітарную сыстэму кіраўніцтва краінай і, нарэшце, вырашыў “авалодаць сьвядомасьцю масаў”. Для пачатку ў сыстэме выканаўчай улады была створаная "ідэалягічная вэртыкаль": у адміністрацыі прэзыдэнта і ва ўсіх абласных, гарадзкіх і раённых выканкамах зьявіліся намесьнікі кіраўніка па ідэалёгіі. Па ўказаньні Лукашэнкі былі адноўленыя піянэрская арганізацыя, а таксама Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які па аналёгіі з камсамолам называюць "лукамол". Але моладзь па-ранейшаму складае асноўную частку апазыцыйных рэжыму партыяў і рухаў і галасуе супраць Лукашэнкі. Беларускі прэзыдэнт выдатна разумее, што, абапіраючыся толькі на падтрымку пэнсіянэраў, ён ня зможа доўга трымаць уладу. Тым больш калі Расеі ўдасца рэалізаваць свой плян аб’яднаньня дзьвюх дзяржаваў.