Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рэлігійныя габрэі будуць пікетаваць дыпмісіі Беларусі ў Ізраілі й ЗША 10:52, 14/08/2003, Newsru.com, фота BBC
Рэлігійныя габрэі намерваюцца на гэтым тыдні пікетаваць дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, а таксама амбасаду Беларусі ў Ізраілі ў знак пратэсту супраць будаўніцтва футбольнага стадыёну на месцы старых габрэйскіх могілак у Горадні. Пра гэта сёньня паведаміў "Интерфаксу" прэзыдэнт Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Беларусі (ЮРАБ) Юры Дорн.
Паводле яго, юдэі Беларусі й міжнародныя габрэйскія арганізацыі “выказваюць вялікую закляпочанасьць адносна цяглага будаўніцтва спартовага збудаваньня на месцы старажытных юдэйскіх могілак, дзе захавана каля 14 тысячаў чалавек, у ліку якіх вядомыя равіны”.
Ён таксама паведаміў, што галоўны равін Беларусі Сэндэр Урыцкі правёў “перамовы з прадстаўнікамі беларускай амбасады ў Ізраілі, у час якіх абмяркоўваліся пытаньні сустрэчы з кіраўніцтвам замежнапалытчнага ведамства Беларусі па пытаньні прыпыненьня будаўніцтва спартовага збудаваньня на могілках”.
Дорн таксама заявіў, што ў ЮРАБ "лічаць недапушчальным будаўніцтва фундамэнту стадыёну з надмагільных камянёў і выкарыстаньне зямлі з могілак, дзе знаходзіліся косьці, для патрэбаў будоўлі”.
Суразмоўца агенцтва выказаў закляпочанасьць тым фактам, што “перамовы, датычна спыненьня будаўніцтва футбольнага стадыёну на месцы могілак, у якіх удзельнічалі кіраўніцтва Гарадзенскай вобласьці і галоўны равін Беларусі Сэндэр Урыцкі, ня далі станоўчых вынікаў”.
Дорн адзначыў, што "адсутнасьць разуменьня з боку ініцыятараў будаўніцтва футбольнага стадыёну да праблемы захаваньня рэлігійных і гістарычных сьвятыняў стала прычынай таго, што шэраг міжнародных габрэйскіх арганізацыяў накіраваў у ФІФА і УЕФА патрабаваньні байкатаваць беларускіх футбалістаў на міжнароднай арэне".
Суразмоўца агенцтва таксама паведаміў, што "на дадзены час прынятае рашэньне на ўзроўні шэрагу кангрэсмэнаў ЗША, якія ўваходзяць у камісію па захаваньні амэрыканскай спадчыны за мяжой, зьвярнуцца ў Міжнародны Алімпійскі камітэт з просьбай байкатаваць Беларусь на бліжэйшых алімпійскіх гульнях, калі ня будзе прыпынена будаўніцтва спартовага збудаваньня на месцы старажытных габрэйскіх захаваньняў".
Ён таксама сказаў, што на мінулым тыдні ў шэрагу краінаў Заходняй Эўропы рэлігійным габрэямі і актывістамі міжнародных габрэйскіх арганізацыяў былі праведзеныя пікеты перад будынкамі беларускіх дыпмісіяў.