Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадстаўніка АБСЭ не пускаюць у Беларусь 14:29, 26/08/2003
Прадстаўнік АБСЭ па СМІ Фрэймут Дувэ быў вымушаны адмяніць заплянаваную на 1-2 верасьня паездку ў Беларусь. Міністэрства замежных справаў Беларусі адмовілася выдаць Фрэймуту Дувэ і яго старэйшаму памочніку ўязныя візы.
Фрэймут Дувэ, афіцыйны прадстаўнік АБСЭ па СМІ, паўнамоцтвы якога завяршаюцца ў канцы году, два месяцы таму быў запрошаны ў сталіцу Беларусі кіраўніком офісу АБСЭ ў Менску амбасадарам Эбэргардам Хайкенам. Дувэ меў намер сустрэцца зь беларускімі журналістамі, якім даводзіцца працаваць у сваёй краіне пры ўсё больш цяжкіх умовах.
Офіс АБСЭ ў Менску арганізаваў двухдзённую праграму візыту, якая ўключае прыём журналістаў, прэзэнтацыю сьцьверджаньняў АБСЭ па свабодзе СМІ й прэс-канфэрэнцыю.
“Я вельмі шкадую, што мне не дазволена наведаць 1 верасьня Менск для таго, каб разьвітацца з адважнымі беларускімі журналістамі, падтрымліваць якіх я меў гонар, знаходзячыся на пасадзе прадстаўніка АБСЭ па СМІ”, -- заявіў Фрэймут Дувэ.
У апошні раз Дувэ наведаў зь візытам Менск у якасьці афіцыйнага прадстаўніка АБСЭ ў 1999г. Пасьля ён таксама плянаваў прыехаць у сакавіку 2001 г., аднак міністар замежных справаў Беларусі, якім на той момант зьяўляўся Міхаіл Хвастоў, папрасіў яго адкласьці візыт на канец красавіка.
Той візыт таксама ня мог ажыцьцявіцца ў сувязі з тым, што ўрад Беларусі адмовіў у візе старэйшаму памочніку Дувэ. Тады апошні ахарактарызаваў усё, што адбылося “жахлівым умяшяльніцтвам у незалежнасьць інстытута АБСЭ з боку дзяржавы-чальца арганізацыі”.