Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Бацькі ліцэістаў патрабуюць вярнуць асабістыя справы іх дзяцей 13:46, 26/08/2003
25 жніўня бацькі навучэнцаў Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа (НДГЛ) зьвярнуліся да міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Радзькова з патрабаваньнем вярнуць ім асабістыя справы іх дзяцей.
Пасьля выхаду пастановы Савету міністраў аб ліквідацыі НДГЛ ад 25 чэрвеня сёлетнега году галоўны інспэктар Мінадукацыі Тамара Саўчук бяз згоды бацькоў забрала асабістыя справы навучэнцаў у міністэрства. “Вось чаму кожны з бацькоў ліцэістаў накіраваў міністру адукцаыі пэрсанальную заяву з патрабаваньнем вярнуць асабістую справу навучэнца для таго, каб бацькі самі вырашалі далейшы лёс свайго дзіцёнка ў галіне адукацыі. Мы ня будзем весьці пошук асабістых справаў ліцэістаў у Камітэце па адукацыі і справах моладзі Менгарвыканкаму, а таксама ў структурах адукацыі раёнаў сталіцы і ў навучальных установах гораду. Раз чыноўнік Мінадукацыі ўзяў гэтыя дакумэнты, то міністэрства павінна вярнуць іх бацькам ліцэістаў”, -- заявіла БелаПАН намесьнік старшыні Камітэту абароны ліцэю Регіна Зімніцкая.
Выкладчыкі ліцэю ўжо вярнуліся з адпачынку і прыступілі да выкананьня сваіх забавязкаў. А клясныя кіраўнікі сустракаюцца з бацькамі навучэнцаў і абмяркоўваюць пытаньні арганізацыі навучальнага працэсу ў новай, створанай зараз недзяржаўнай навучальнай установе – Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа, у якую ўжо пададзена 128 заяваў на навучаньне. Прычым, як адзначыла Зімніцкая, для ліцэістаў ужо закупілі амаль 90 адсоткаў падручнікаў па ўсіх прадметах.