Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейскія палітыкі сталі часта наведваць Менск 11:01, 26/08/2003, Вольга Мазаева, «Независимая газета»
Учора ў Менск прыляцеў кіраўнік МУС Расеі Барыс Грызлоў. Афіцыйная падстава візыту -- удзел у аб’яднанай калегіі расейскага й беларускага МУС. Аднак сёньня Грызлоў сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Улічваючы значнасьць міністра ўнутраных справаў на расейскай палітычнай арэне, многія зьвязваюць візыт зь нейкай таемнай місіяй, даручанай яму Крамлём.
Нагадаем, што на мінулым тыдні тыя самыя прапановы рабіліся адносна дзяржсакратара “саюзнае дзяржавы” Паўла Барадзіна, які зьбіраўся ў Менск, але ў апошні момант адклаў паездку. Напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі й Беларусі Маскве проста неабходна пераканаць беларускага кіраўніка не даваць волі сваім амбіцыям і давесьці папярэднія дамоўленасьці аб умовах увядзеньня рубля як адзінага плацёжнага сродку “саюзнае дзяржавы” да дакумэнтальнага афармленьня. Падобна на тое, што Павал Барадзін, нягледзячы на яго блізкасьць да Аляксандра Лукашэнкі, для Крамля недастаткова падыходзячая фігура для такога даручэньня. Іншая справа – міністар унутраных справаў, старшыня вышэйшай рады "Единой России" Барыс Грызлоў. Пра тое, што ён мае негалоснае даручэньне Крамлю, ускосна сьведчыць хаця б той факт, што пасьля ўчорашніх трагічных падзеяў на поўдні Расеі ён не адмяніў паездку ў Менск. А даручыў свайму намесьніку па Паўднёвай фэдэральнай акрузе Міхаілу Панькову арганізаваць працу па вышуку арганізатараў выбухаў.
Магчыма, Грызлоў, зьявіцца да беларускага прэзыдэнта зь нейкімі ўдакладненьнямі ці прапановамі, каб яшчэ раз даць Лукашэнку падставу для роздумаў. Разам з гэтым, кіраўнік расейскага МУС зможа акуратна прамацаць пазыцыі й настроі Лукашэнкі й дакласьці пра іх прэзыдэнту Пуціну. Для такіх манэўраў Грызлоў больш падыходзіць, бо яго візыт да Лукашэнкі ні абавяжа ні Крэмль, ні афіцыйны Менск (у адрозьненьне ад Паўла Барадзіна, місія якога ўключала прызначньне дакладнай даты правядзеньня вышэйшашай дзяржрады “саюзнае дзяржавы”, на якой патыньне аб адзінай валюце непазьбежна давядзецца вырашаць).
Між тым, учора ў Маскве на нарадзе прэм’ер-міністра РФ Міхаіла Касьянава зь віцэ-прэм’ерамі й асноўнымі чальцамі Кабінэту міністраў Аляксей Кудрын паведаміў аб завяршэньні працы над расейска-беларускім Пагадненьнем аб увядзеньні рубля ў якасьці адзінай валюты. “Мяркуецца, што такое пагадненьне можа быць падпісанае ў першай палове верасьня”, -- паведамілі журналістам у Дэпартамэнце ўрадавай інфармацыі.
Сёньня ў Менску праходзіць аб’яднаная калегія МУС. У ёй удзельнічаюць міністры справаў Расеі й Беларусі Барыс Грызлоў і Ўладзімер Навумаў, начальнікі розных падразьдзелаў абодвух МУС, прадстаўнікі памежных войскаў, а таксама Павал Барадзін і амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Блохін. У павестцы дня толькі тры пытаньні: барацьба з злачыннымі групоўкамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў, міграцыі і нелегалы, а таксама захаванасьць расейскіх грузаў і бясьпека пасажыраў, які накіроўваюцца ў Калінінградзкую вобласьць праз тэрыторыю Беларусі.