|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Сорамна! 11:04, 26/08/2003, Генадзь Бураўкін, для «Белорусских новостей» Не ведаю, якія складаныя падлікі рабілі фінансісты, колькі паседжанняў правялі вопытныя юрысты, дзе ўзгаднялі свае мудрыя праекты маладыя сталаначальнікі, але рашэнне яны, мяркуючы па ўсім, прынялі свядома і адзінадушна. Так бы мовіць, паклалі канец сацыяльнай несправядлівасці і сцвердзілі пралетарскі прынцып роўнасці перад дзяржавай усіх яе грамадзян. А то, ці бачыце, на схіле жыцця той-сёй прэтэндуе на адметную ўвагу і павагу да сябе, на матэрыяльныя адзнакі сваёй важнай ролі ў гісторыі краіны. А асаблівая роля, як вядома, можа належаць толькі тым, хто не некалі, а цяпер, сёння займае адпаведныя пасады. Словам, тое, што было раней, беззваротна мінулася, і няма чаго на яго азірацца. Так што — далоў ільготы! Я добра ведаю многіх з калег-пенсіянераў, чые імёны не адно дзесяцігоддзе непарыўна звязваліся з высокім аўтарытэтам Беларусі ў навуцы і культуры, літаратуры і мастацтве, чые талент і натхнёная праца былі і застаюцца не радавой з`явай у жыцці роднага народа. Ганаровыя званні "народны" і "заслужаны" прыйшлі да іх заканамерна і ў поўнай адпаведнасці з прынятымі ў дзяржаве традыцыямі і ўстанаўленнямі. Ды і пенсіі іхнія абазначаюцца зусім не астранамічнымі лічбамі. Сумы іх і блізка не суседнічаюць не толькі з генеральскімі, а і з падпалкоўніцкімі і не дацягваюцца нават да славутых 100 умоўных адзінак. Ці не таму і вызначылі ім у свой час ільготы на аплату жыллёва-камунальных паслуг і права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце? Каб ведалі, што, як спявалася ў папулярнай некалі песні, Радзіма чуе і бачыць іх у нялёгкі час выпрабаванняў. Паверце мне, не шыкуюць нашы народныя і заслужаныя. Ні народны пісьменнік, былы партызан Янка Брыль, ні народная артыстка, мілая "купалаўка" Марыя Захарэвіч, ні народны мастак, няўрымслівы і нястомны Уладзімір Стальмашонак. Ні дзесяткі іншых — Рыгор Барадулін, Гаўрыла Вашчанка, Ігар Дабралюбаў, Дзмітры Смольскі, Станіслава Гулевіч… Сціпла, а то і бедна пачуваюцца яны сёння, хаця і не лямантуюць аб гэтым на ўвесь свет. Хай бы чыноўнікі, што так бяздушна "скляпалі" грозную пастанову, наведаліся да іх дахаты, паглядзелі, дзе і як яны жывуць, што ў іх выстаўлена на абедзены стол і пакладзена ў не самы сучасны халадзільнік. Хай бы пацікавіліся, колькі каштуюць лекі, без якіх яны ўжо, на жаль, не могуць абысціся. Хай бы папыталіся, чаму ў іх няма ні ўласных аўтамабіляў, ні модных цяпер "мабільнікаў"… Можа б, задумаліся і пра сваю будучыню, бо і яны не вечна будуць дужыя і здаровыя, і да іх некалі прыйдзе нямогласць, і ім таксама патрэбным стане клопат не толькі дзяцей ды ўнукаў, а і роднай улады, у розуме і справядлівасці якой так старанна пераконваюць усіх і платныя прапагандысты і агітатары, і "чэсныя" журналісты. Можа, няёмка стала б ім адбіраць зэканомленыя на льготах "капейкі", за якія сівагаловыя майстры слова ці сцэны хоць зрэдку купляюць новыя кніжкі і білеты на прэм`еры ў тэатр або кіно… Ну а што ж рэальна набудзе наша суверэнная дзяржава, адабраўшы ў "асабліва заслужаных" сваіх грамадзян "лішнія", па яе меркаванні, грошы? Не ведаю. Чыноўнікі на гэты конт загадкава маўчаць. Адзінае, што яны паведамілі прэсе, — колькасць "прывілеяваных" пенсіянераў: ажно… 6 з хвосцікам тысяч. Як мне здаецца, на дзесяцімільённую еўрапейскую краіну гэта зусім нямнога. Асабліва калі ўспомніць, як амаль штодзённа нашы ўсенароднаабраныя кіраўнікі пераконваюць, што эканоміка наша (у адрозненне ад блізкіх суседзяў) з кожным годам умацоўваецца, заводы і фермы працуюць напружана і эфектыўна, сацыяльная абароненасць насельніцтва надзейна забяспечана, а нахабных крывасмокаў-алігархаў і замежных бандытаў-інвестараў у нас няма і не прадбачыцца. Дык чаму ж тады трэба тэрмінова "цыраваць" бюджэт? Што такое надзвычайнае здарылася? Дзесяць гадоў хапала сродкаў на ільготы знакамітым землякам, а цяпер раптам яны таямніча зніклі. Куды?.. Як мне здаецца, забраныя ў "народных і заслужаных" грошы пацягнуць хіба што на кошт аднаго таварыскага матча хакейнай каманды нашага натрэніраванага лідэра з маскоўскімі ці санкт-пецярбуржскімі ветэранамі або прыезд у Мінск "раскручанай" расійскай поп-зоркі. Чарговы лядовы палац ці шумныя местачковыя "Дажынкі" яны не акупяць… Але ва ўсёй гэтай сумнай гісторыі грашовы бок мяне хвалюе менш за ўсё. Найбольш засмучае мяне маральны чыннік "пенсійнай" урадавай пастановы. Спакон веку цывілізаванае грамадства з асаблівай сардэчнасцю клапацілася пра малых і старых і ўзровень культуры дзяржавы вызначала адносінамі яе да дзяцей, жанчын і пенсіянераў. Вялікім грахом заўсёды лічылася пакрыўдзіць малога ці зняважыць старога. Непрыстойным і недаравальным было некаму забраць у дзіцяці падораную яму цацку, а ў згорбленага дзядулі — ягоную сукаватую кавеньку… А вось наша дрэнна выхаваная ўлада спярша дае сваім паважаным (лепшым!) грамадзянам пэўныя ільготы, а потым — без тлумачэння і выбачэння — адным росчыркам халоднага бюракратычнага пяра адбірае іх. А можа, гэткім езуіцкім чынам саманадзейныя чыноўнікі, якіх Бог абдзяліў сваёю нябеснай ласкай, помсцяць таленавітым людзям за іх адметнасць і вядомасць?.. Не ведаю. Хачу толькі спадзявацца, што нашым сучаснікам сорамна за сваіх службоўцаў, за сваю ўладу. Непаважлівыя, грэблівыя адносіны да дзяржаўных (афіцыйных!) узнагарод, да выдатных (афіцыйна прызнаных!) заслуг нікому яшчэ не прыносіла ні народнай падтрымкі, ні добрай людской памяці. Ці не таму "пенсійную" пастанову Савета міністраў так доўга не абнародавалі ні самая салідная наша газета, ні самае правільнае наша тэлебачанне? Ім, напэўна, сорамна было друкаваць і передаваць гэты "гістарычны" дакумент… Ну а ці хоць сорамна вам, спадары фінансісты? Вам, таварышы юрысты? Вам, панове міністры?.. Ці сорамна?..
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|