Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 2728 29 30 31




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Зварот да настаўнікаў Беларусі
11:08, 27/08/2003

Шаноўныя калегі! Зьвяртаемся да вас у цяжкія часы, якія перажываем мы, выкладчыкі, нашыя навучэнцы і наш ліцэй. Мы хочам, каб вы ведалі аб’ектыўную праўду пра тое, што адбываецца. Наш ліцэй ліквідаваны Пастановаю Савета Міністраў №850 ад 25.06.2003 года. Мэта ліквідацыі, згодна з гэтай пастановай, – неабходнасьць “аптымізацыі сыстэмы навучальных установаў”. Марна шукаць сэнс гэтай “мэты”. Марна імкнуцца зразумець, што ж гэта за “аптымізацыя”, калі зьнішчаюць адзіную ў краіне навучальную ўстанову ліцэйскага тыпу, дзе ўсе дысцыпліны выкладаюцца на нашай роднай беларускай мове – не вам тлумачыць, што робяць зноў з беларускай мовай у сыстэме адукацыі.

Зразумела іншае: афіцыйна абвешчаная ў названай пастанове мэта ліквідацыі нашага ліцэю – толькі шырма, няўдалае прыкрыцьцё сапраўдных мэтаў зьнішчэння ліцэю. Бо іншых падстаў, як ні шукалі, знайсьці не змаглі. Бо ўсе далёка не добразычлівыя праверкі, як не шукалі, нічога істотнага, праз што можна было б ліквідаваць наш ліцэй, не знайшлі. І наадварот, усімі праверкамі быў адзначаны высокі ўзровень ведаў нашых навучэнцаў, які яны пацьвярждалі, перамагаючы на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах і паступаючы на самыя прэстыжныя факультэты беларускіх і замежных ВНУ.

Мы не хочам ствараць вакол сябе арэол выключнасьці. Мы – звычайныя настаўнікі, мы выкладалі ў гарадзкіх і вясковых школах Беларусі і ведаем, якая гэта ахвярная і няўдзячная праца. Мы ведаем таксама пра высокі ўзровень беларускага настаўніцтва, якое ў такіх неспрыяльных умовах працуе на ўзроўні сусьветных стандартаў. Адзіная адметнасьць нашага ліцэю – у тым, што мы мелі прывілеі стварыць пэдагагічны калектыў аднадумцаў і набіраць у наш ліцэй тых вучняў, хто сапраўды быў здольны і меў жаданьне паглыблена вывучаць прадметы гуманітарнага цыклу.

Безумоўна, праца са здольнымі вучнямі і стабільна высокі ўзровень навучаньня патрабаваў павышанай падрыхтоўкі. Мала хто з нас мог узяць больш за стаўку нагрузкі, а аплата ў нас была ніжэй, чым аплата выкладчыкаў іншых школ Менску, бо мы ня мелі надбаўкі ў тры базавых велічыні, якую горад даплачвае школьным выкладчыкам. Але наша праца прыносіла нам глыбокае прафэсыйнае й маральнае задавальненьне, таму мы жылі гэтай працай, сапраўды кожны дзень ішлі ў наш ліцэй, як на сьвята. Гэтак жа ставіліся да нашага ліцэю й нашыя вучні. Але ж хіба не павінна так быць у кожнай школе? І ці варта зьнішчаць навучальную установу, якая дае належныя вынікі і куды дзеці і выкладчыкі ідуць, як на сьвята?

Менавіта таму мы лічым рашэньне, якое прынялі ўлады ў дачыненьні да нашага ліцэю, несправядлівым. Яно парушае шматлікія беларускія і міжнародныя юрыдычныя акты: артыкулы 49 і 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкул 51 Закона аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, артыкул 5 Закона аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, артыкул 13 Міжнароднага пакта “Аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах” ад 16.12.1996 г., артыкулы 2, 3, 30 Канвенцыі ААН “Аб правах дзіцяці” і іншыя.

Відавочна, галоўная прычына таго, што цяпер адбываецца, - жаданьне тых, хто займае кіруючыя пасады, прадэманстраваць сваю ўладу, прымусіць скарыцца тых, кім, як яны лічаць, яны мусяць кіраваць. Але мы лічым, што гэта – няслушна. Мы лічым, што ўлада павінна дзейнічаць у рамках закону і ў інтарэсах грамадзян, якія даверылі ёй гэтую ўладу. Калі асоба ва ўладзе парушае гэтае правіла – яна не адпавядае сваёй пасадзе. Менавіта такую неадпаведнасьць сваім пасадам дэманструюць цяпер шматлікія чыноўнікі Мінадукацыі і Камітэта па адукацыі Менску, якія імкнуцца прыкрыць злачынныя дзеяньні па зьнішчэньні нашага ліцэю бязглуздай імітацыяй “клопатаў пра дзяцей” і “ стварэньне гарадзкога ліцэю”, а на справе зачыняюць будынак у канцы жніўня “на рамонт”, на які яшчэ няма ні дазволу, ні праекту, ні сродкаў, і раскідваюць вучняў па іншых школах, без уліку іхняга месца пражываньня, не зважаючы на тое, што ў тых школах навучаньне ідзе па іншых, неліцэйскіх праграмах, і шмат таго, што ім прыйдзецца вучыць, яны ўжо прайшлі.

Пераважная большасьць вучняў і бацькоў прыняла рашэньне не пагаджацца з умовамі, якія значна пагаршаюць іхняе навучаньне, і застацца з ліцэем. Менавіта таму мы, іхнія настаўнікі, ня можам кінуць іх і будзем працягваць іх вучыць пры любых умовах. Мы таксама не пагадзіліся на прапановы чыноўнікаў Мінадукацыі нас “працаўладкаваць”, раскідаўшы па розных навучальных установах, і застаемся з ліцэем.

Мы ведаем, чым гэта можа для нас скончыцца, але мы лічым, што перад вачыма нашых вучняў мы не можам скарыцца перад несправядлівасьцю, не можам здрадзіць ідэалам дабрыні і маральнасьці, пра якія мы распавядаем ім на ўроках. Надышоў час, калі мы павінны не на словах, а на справе праявіць мужнасьць і цьвёрдасьць, пазмагацца за сваю годнасьць і за нашых дзяцей. Спадзяемся, у нас хопіць на гэта моцы.

Але мы лічым таксама, што маем права зьвярнуцца да вас, шаноўныя калегі, за падтрымкай і разьлічваць на вашую салідарнасьць. Гэта патрэбна не толькі нам. Гэта патрэбна і вам. Гэта патрэбна нам усім. Бо калі сёньня беспакарана будуць парушаны нашы правы, заўтра абавязкова парушаць і вашы. Ды што там казаць, хіба яны і так не парушаюцца? А адбываецца так таму, што мы ўжо надта прызвычаіліся да свайго бяспраўя, зьняверыліся ў тым, што можам пастаяць за сябе, адстаяць сваю правату.

Калі мы будзем разам, калі мы зможам аб’яднацца – мы абавязкова здолеем перамагчы, хіба не гэтаму мы вучым нашых дзяцей?

Дык будзьце з намі і дапамажыце нам сёньня, каб заўтра мы змаглі дапамагчы вам!

Шліце подпісы ў нашую падтрымку нам і на адрас уладаў, выказвайце свае меркаваньні ў газэтных артыкулах, прыходзьце 1 верасня раніцай да ліцэю па вул. Кірава 21, каб нас падтрымаць!

Калі мы будзем разам, калі мы будзем мужнымі і цьвёрдымі ў нашых намерах, мы выратуем наш Беларускі гуманітарны ліцэй для нашых дзяцей і для будучыні Беларусі.

НАСТАЎНІКІ
Уладзімір Дзіско,
Вольга Дзядзюля,
Сяржук Патаранскі,
Сяргей Язерскі,
Ігар Войніч,
Алена Леановіч,
Міхал Барысевіч,
Людміла Марозава,
Тамара Мацкевіч,
Міхась Тычына,
Людміла Хіневіч,
Наталля Лойка,
Валянціна Сіўковіч,
Таццяна Магучава,
Кацярына Тычына,
Уладзімір Аляксандраў,
Ніна Дубаневіч,
Лявон Баршчэўскі,
Уладзімер Колас.


ddddd

напicаць камэнтар

 СПАСЫЛКI ПА ТЭМЕ 



 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: