Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэзыдэнт №2 11:02, 27/08/2003, Аляксандар Бандарэнка, БДГ / Новая газета
Калі б усе распараджэньні, указы й дэкрэты прэзыдэнта краіны выконваліся так рупліва, як яны рыхтуюцца да падпісаньня, то ў Беларусі ўжо амаль зь месяц працаваў бы адзін-адзіны прэзыдэнт. Да 1 жніўня Камітэт па стандартызацыі, мэтралёгіі й сэртыфікацыі пры Савміне і Мінсацабароны ў адпаведнасьці з распараджэньнем ураду абавязаны быў унесьці зьмены ў свае прававыя акты і вызначыць, што такое найменьне пасады як “прэзыдэнт” мае права прымяняцца выключна адносна кіраўніка дзяржавы. Усім астатнім «прэзыдэнтам» было прапанавана зьмяніць шыльду. Але, мяркуючы па ўсім, строгаму загаду падпарадкаваліся ня ўсе «прэзыдэнты». Ёсьць такія, хто наагул не жадае разьвітвацца з такой рэспэктабельнай назвай. Пагаворваюць, што адзін зь іх - кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч.
Такім чынам, на пасадзе прэзыдэнта Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Міхаіл Мясьніковіч знаходзіцца да гэтага часу. Больш за тое, паводле інфармацыі з нашых крыніцаў, галоўны навуковец краіны некалькі дзён запар абіваў ганкі Адміністрацыі прэзыдэнта з намерам дабіцца аўдыенцыі ў Аляксандра Лукашэнкі і прасіць яго пакінуць, у выглядзе выключэньня, за кіраўніком НАН РБ назву “прэзыдэнт”. Хваляваньні Міхаіла Ўладзімеравіча адносна зьмены “шыльды” на дзьвярох уласнага кабінэту зразумелыя і апраўданыя. Пасада кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук нават у савецкія часы, калі слова “прэзыдэнт” ужывалася выключна адносна ўсяго таго, што знаходзілася па той бок “жалезнай заслоны”, называлася не іначай як прэзыдэнт. Гэтую традыцыю захавалі і пасьля распаду СССР. І ня толькі як даніну павевам перабудовачнага й пасьляперабудовачнага часу. Пасада кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук у большай ступені прадстаўнічая. На розных навуковых міжнародных форумах прэзыдэнт акадэміі навук - як візытоўка ўсёй нацыянальнай навукі. Пасьля “цудоўнага” пераўтварэньня прэзыдэнта НАН у старшыню можна ўявіць сабе зьбянтэжанасьць Міхаіла Мясьніковіча ў момант яго кантакту з замежнымі калегамі. Думаецца, што сёньня нават на постсавецкай прасторы нямногія здольныя зразумець нічым не абгрунтаваныя пераўтварэньні ў структуры беларускай Акадэміі навук, ня кажучы ўжо пра заходнія навуковыя таварыствы.
Тое самае можна было сказаць і пра прэзыдэнтаў спартовых фэдэрацыяў. Але, падаецца, там знайшлі выхад са складанай сытуацыі. Кіраўнік адной з такіх арганізацыяў, да нядаўняга часу прэзыдэнт (па яго просьбе не называем прозьвішча), распавёў, што ў дакумэнтах фэдэрацыі на расейскай мове яго пасада гучыць як старшыня, а вось у дакумэнтах, аформленых на ангельскай, ён, як і раней, прэзыдэнт – нібыта і пастанова ўраду выканана, і ўрону іміджу фэдэрацыі на міжнароднай арэне ніякага. Справа ў тым, што слова “прэзыдэнт” сапраўды перакладаецца з латыні не інакш як старшыня.
Цікава, ці возьме на ўзбраеньне гэтае ноў-хаў кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту РБ?