Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Менску спрабавалі падпаліць сінагогу 12:32, 27/08/2003
Ноччу 27 жніўня ў Менску была зьдзейсьнена спроба падпалу сінагогі “Бэйс-Ісроэль”, разьмешчанай на вуліцы Даўмана.
Як паведаміў БелаПАН прэзыдэнт Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня (ІРА) у Рэспубліцы Беларусь Юры Дорн, а 0.30 вартаўнік храму знайшоў абгарэлае дывановае пакрыцьцё, што ляжала ля ўваходу ў будынак, а таксама аскепкі шклянога сасуда з паліўнай сумесьсю. Паводле Ю.Дорна, прыкладна праз 15 хвілінаў прыбылі прадстаўнікі праваахоўных органаў і пажарныя. А раніцай зь міліцыі паступіла паведамленьне, што падазраваны ў зьдзяйсьненьні злачынства затрыманы й дапытаны, па дадзеным факце распачатая крымінальная справа.
Паводле Ю.Дорна, у апошнія гады такія здарэньні сталі вельмі частымі. Кіраўнік аб’яднаньня, у прыватнасьці, нагадаў аб спробах падпалу сінагогі “Бэйс-Ісроэль” і храму менскай суполкі хасідаў, разьмешчанай па вуліцы Крапоткіна, а таксама пра выпадкі руйнаваньня габрэйскіх надмагільляў на Паўночных могілках Менску.
“Мяне хвалюе той факт, што да гэтага часу ніхто з злачынцаў не ўлоўлены і не пакараны. А пасьля таго, як сёлета сталічны мэмарыял “Яма” быў апаганены выяваю свастыкі і тэкстамі ганебнага зьместу, кіраўнік дзяржавы заявіў пра тое, што бярэ расьсьледаваньне гэтай справы пад асабісты кантроль і віноўныя будуць пакараныя самым сур’ёзным чынам”, -- сказаў Юры Дорн.
Паводле яго, праваахоўчыя органы ўсё ж такі павінны даказаць сваю здольнасьць да раскрыцьця такіх злачынстваў. Апрача таго, кіраўніцтва ІРА зьбіраецца хадайнічаць перад Менгарвыканкамам аб ахове будынка сінагогі міліцыяй ў начны час.