Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кадафі і Лукашэнка: быць ці ня быць разам? 11:03, 27/08/2003, Сяргей Крывашэін, БДГ / Новая газета
Эксцэнтрычны й харызматычны правадыр Лібіі палкоўнік Муамар Кадафі мог бы з поўным правам перафразаваць свайго беларускага калегу, гаворачы штосьці кшталту “па волі лёсу Лібія вылучылася на ролю духоўнага лідэра заходнеафрыканскае цывілізацыі”. Ва ўсялякім выпадку, у адрозьненьне ад Беларусі, дзе гэта было проста пустаслоўем, Кадафі прыкладае ўсе намаганьні, каб адпавядаць менавіта гэтай ролі.
Хітрасны лідэр зразумеў, што становішча краіны-ізгоя стала вельмі невыгодным, і адначасна павярнуў вятрыла палітычнае ўлады ў бок заходняй цывілізацыі. У чэрвені сёлетнега году Кадафі гучна заявіў, што дзяржаўная вэрсія эканомікі не апраўдала сябе, таму ўся жыцьцёва важная прамысловасьць краіны (нацыяналізаваная пасьля захопу Кадафі ўлады ў 1969 годзе) павінна аддавацца ў прыватныя рукі. Галоўны аб’ект татальнай прыватызацыі – нафтапромыслы, якімі з гэтага часу павінны будуць валодаць прыватныя лібійцы, а не дзяржава. Тое самае датычыць банкаў, аэрапортаў, дарожнай сеткі і іншых дзяржпрадпрыемстваў.
Наўрад для нас стануць вядомымі рэальныя прычыны “рынкавага” азарэньня, што найшло на афрыканскага дыктатара, аднак само азарэньне відавочнае. Кадафі заявіў, што запаволеньне ў рынкавых рэфомах можа прывесьці да эканамічнага каляпсу. У якасьці прыкладу ён прывёў эканамічны крах СССР і краінаў сацлягеру.
У якасьці доказаў сур’ёзнасьці намераў выйсьці зь сусьветнае абоймы краінаў-маргіналаў урад Лібіі пагадзіўся цалкам узяць на сябе віну ў арганізацыі выбуху самалёту кампаніі “PanAm” у 1988 годзе над шатляндзкім мястэчкам Лакербі, што пазбавіла жыцьця 270 чалавек. Праз гэты тэракт на Лібію былі накладзеныя цяжкія эканамічныя санкцыі, большая частка зь якіх была знятая ў 1999 годзе. Лібія пагадзілася сплаціць 2.7 млрд. даляраў у якасьці кампэнсацыі сваякам загінулых.
Ці стане ад гэтага часу “асьветны” Кадафі і надалей падтрымліваць сяброўства з адыёзнай краінай Лукашэнкі? Да гэтага часу Лібія была галоўным “сябрам” Беларусі ў Афрыцы. “Сёстры па розуму” сябравалі ў палітыцы і эканоміцы як маглі: лібійцы спрабавалі ўладкаваць у Беларусі крэдыты сваіх банкаў, а беларусы дапамагалі Лібіі тэхнікай і адмыслоўцамі. Буйнейшы пачынананьнем беларуска-лібійскага супрацоўніцтва быў праект па стварэньні СП для ўдзелу беларускага капіталу па рэканструкцыі электраэнэргетыкі Лібіі. Дарэчы, вельмі рэдкі выпадак замежных інвэстыцыяў Беларусі.