Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь разьвівае супрацоўніцтва з Суданам 14:35, 28/08/2003, БелаПАН
27 жніўня адбылася сустрэча надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Рэспублікі Беларусь у Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімера Грыгор’ева з амбасадарам Рэспублікі Судан у Расейскай Фэдэрацыі Ібрагімам аль-Башырам Асманам аль-Кабашы, акрэдытаваным па сумяшчальніцтве ў Беларусі.
Як паведаміла прэс-служба дыпляматычнае місіі ў Маскве, у часе перамоваў, якія адбыліся зь ініцыятывы амбасадара Судана, бакі абмеркавалі стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых зносінаў. Падкрэсьлівалася неабходнасьць актывізацыі паўнамаштабнага супрацоўніцтва па стварэньні й далейшым разьвіцьці двухбаковай дамова-прававой базы. Асаблівая ўвага надзялялася пытаньням гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й Суданам. Бакі канстатавалі пазытыўную дынаміку разьвіцьця двухбаковага гандлю. Як паведаміў суданскі дыплямат, за 2003 год яго краіна закупіла больш за 300 трактароў вытворчасьці Менскага трактарнага заводу. Адначасова амбасадар Судана паведаміў пра магчымасьць паставак баваўнянай сыравіны для беларускіх прадпрыемстваў.
Паводле Ібрагіма аль-Башыра Асмана аль-Кабашы, яго краіна зацікаўленая ў стварэньні ўласнай тэкстыльнай прамысловасьці. У сувязі з гэтым суданскія адмыслоўцы хацелі б наведаць адпаведныя беларускія прадпрыемствы для прамых кантактаў і вывучэньня магчымасьцяў вытворчай каапэрацыі. Кіраўнік суданскай дыпляматычнай місіі таксама зьвярнуўся з просьбай аб інфармацыі пра беларускія арганізацыі і прадпрыемствы, якія спэцыялізуюцца ў распрацоўцы, вытворчасьці і наладцы сыстэмаў штучнай агрэгацыі, у сувязі з тым, што ў Судане на дадзены час вывучаецца магчымасьць аналягічных сыстэмаў у засушлівых рэгіёнах краіны.
У сваю чаргу У.Грыгор’еў распавёў суданскаму амбасадару пра палітычную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь, асаблівасьцях працэсаў рынкавых рэформаў і прыватызацыі ў рэспубліцы.