Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Як ужо паведамлялася раней, 29 ліпеня 2003 году праваабаронцу, афіцэра ў адстаўцы Валерыя Шчукіна з дапамогай судовых выканаўцаў высялілі з пакою інтэрнату Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжу. Валерыю Аляксеевічу, як дэпутату Вярхоўнага Савету, гэтае жыльлё было прадастаўлена 7 гадоў таму. Шчукіна пакінулі без жыльля і ён стаў начаваць на полацкім чыгуначным вакзале.
Праваабаронцу абвінавацілі ў хуліганстве за тое, што той начаваў на вакзале. Работнікі аддзелу ўнутраных справаў на транспарце некалькі разоў спрабавалі забараніць Шчукіну спаць у грамадзкім месцы. Экс-дэпутат упарта ігнараваў найстойлівыя пажаданьні праваахоўчых органаў, матывуючы гэта тым, што не існуе нарматыўнага акту, які б забараняў спаць на вакзале. Тады Валерыя Шчукіна абвінавацілі ў хуліганстве, маўляў, сваімі дзеяньнямі ён абражае годнасьць беларускіх грамадзянаў (сьпіць з нагамі на лаве).
На сёньняшнім паседжаньні суда супрацоўнікі міліцыі так і не змаглі прадставіць суду нарматыўны акт, які б забараняў спаць на вакзале. Прынесены імі ў суд Статут чыгуначных дарог такой нормы не зьмяшчаў. У выніку абвінавачваньне ў хуліганстве суд не падтрымаў. Судзьдзя вынесла Шчукіну вусную заўвагу з улікам яго “састарэлага веку”. Цалкам апраўдаць вядомага апазыцыянэра яна ўсё ж такі не адважылася.