Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ліцэй адзначыў Дзень ведаў 13:34, 01/09/2003, ЗУБР
Больш за 700 чалавек сабраліся 1 верасня ў Дзень ведаў каля Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа.
Выпускнікі і іх бацькі пачалі збірацца ля будынка ліцэя з самай раніцы. А дзясятай гадзіне была праведзена ўрачыстая лінейка, прысвечаная пачатку навучальнага года, у якой узялі ўдзел каля ста ліцэістаў - амаль усе вучні адзінай беларускамоўнай навучальнай установы краіны. Падтрымаць ліцэістаў прыйшлі іх бацькі, выпускнікі мінулых гадоў, актывісты Маладога Фронту і руху ЗУБР. Звон званочкаў, якія трымалі ліцэісты, разляцеўся па ўсёй акрузе.
Пасля гэтага навучэнцы ліцэя пастроіліся ў шэрагі і перайшлі ў алею побач са стадыёнам “Дынама”. Бацькі ліцэістаў і ўсе, хто прыйшоў выказаць сваю салідарнасць з ліцэістамі, пакрочылі за імі. У алеі бацькі ўсталявалі драўляныя лавы для кожнага класа. Перад імі былі ўсталяваныя дошкі з надпісамі “1 верасня” і “Жыве ліцэй!”.
Пасля адкрыцця новага навучальнага года перад ліцэістамі выступілі іх выкладчыкі. Першыя заняткі вялі таксама вядомыя беларусы і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі - музыкант Лявон Вольскі, дыпламат Пётр Садоўскі, акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменнік Міхась Скобла, тэатральны рэжысёр Валеры Мазынскі, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
За акцыяй назірала кіраўніцтва мінскай міліцыі на чале з палкоўнікам Вараб’ёвым. А на суседняй вуліцы стаяў аўтобус с амапаўцамі ў цывільным.
Апоўдні ўдзельнікі акцыі разыйшліся. Ліцэісты заявілі, што акцыі ў абарону ліцэя хуткім часам працягнуцца.
Фотаздымкі з акцыі з’явяцца на нашым сайце пазней.