Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
1 2 34 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30          




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Занадта залежная незалежнасьць
11:08, 03/09/2003, Сяргей Навумчык, «Белорусские новости»

У сярэдзіне жніўня “Белорусские новости” надрукавалі артыкул Кірылы Пазьняка “Гісторыю адрозна ад прэзыдэнтаў не выбіраюць”, дзе былі прыведзеныя і меркаваньні палітоляга Юрыя Дракахруста. Слушна абвяргаючы міфалягізацыю найноўшай гісторыі Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, шаноўныя калегі адначасна з гэтым, на мой погляд, рызыкуюць стварыць новыя міфы.

Экспэрымэнт над прорваю

Кірыла Пазьняк прапануе “паглядзець на перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі глабальна, як бы забягаючы наперад”, “якім ён будзе ўяўляцца ў падручніках гісторыі, скажам, у 2050 годзе”. “Ад цяперашняга негатыву — піша К.Пазьняк — хутчэй за ўсё, наўрад ці што застанецца. Наўрад ці хто прыгадае, напрыклад, пра тое ж закрыцьцё “БДГ”. Напэўна ў Менску будзе вуліца альбо нават праспект імя Лукашэнкі, будзе помнік Лукашэнку. Але пры ўмовах, што ён ня будзе першым і апошнім прэзыдэнтам Беларусі”.

Тут я спыню цытаваньне і пагаджуся, што праз паўстагоддзя пра газэту могуць і не прыгадаць. Тое ж, што рабілася вакол Васіля Быкава — ў школьных падручніках будзе зафіксавана. І наўрад ці забудзецца, што менавіта на пэрыяд Лукашэнкі прыпадае зьнікненьне некалькіх людзей — Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзскага. Як мінімум — не забудзецца іх унукамі. Пасьля гэтага дыскусыю пра помнікі і вуліцы можна было б і спыніць, бо далейшыя разважаньні на гэты конт пераходзяць у катэгорыі маральнасьці.

Але ў артыкуле выказаныя меркаваньні, якія, падаецца, усё ж вымагаюць аналізу і з гістарычнага, і з паліталягічнага пункту гледжаньня. Тым болей што агучваюцца яны ня ўпершыню, рознымі аўтарамі, і чым далей — тым часьцей. У выніку фармуецца міф: “ Лукашэнка — стваральнік дзяржавы і гарант сувэрэнітэту”.

Так, Кірыла Пазьняк піша, што “менавіта пры Лукашэнку Беларусь становіцца на ногі як дзяржава... Галоўны дзяржаўны інтарэс, галоўная нацыянальная каштоўнасьць — незалежнасьць — абароненая, колькі б пра пагрозу ёй ні казала апазыцыя”.

Яшчэ раз нагадаю, што гэта — ня новыя тэорыі; гаворка пра Лукашэнку як гаранта незалежнасьці (ці нават яе выратавальніка) распачынаецца кожны раз, калі ён дазваляе сабе закіды ў бок Масквы.

Канешне, калі б Лукашэнка пажадаў — Беларусь бы страціла сваю незалежнасьць. І з гэтым сапраўды цяжка спрачацца. Але ці ёсьць у тым, што Беларусь застаецца сувэрэннай, заслуга Лукашэнкі?

Уявіце сябе бацьку, які падыйшоў да краю бездані з немаўляцем і трымае яго на выцягнутых руках. Ці будзеце вы хваліць яго за тое, што ён ня кінуў дзіцё ўніз (бо мог жа і кінуць)? Хутчэй у вас узьнікнуць сумненьні ў адэкватнасьці паводзінаў такога бацькі. У штаце Нью-Ёрк падобны экспэрымэнт (стварэньне пагрозы жыцьцю асобе, якая ня ў стане сябе абараніць) абыдзецца вам у бясплатныя гамбургеры на вельмі абмежаванай тэрыторыі цягам ад трох да пяці гадоў, гэта ўжо як вашаму адвакату ўдасца дамовіца з суддзём. Калі працягваць аналёгію, дык мэта нармальных бацькоў — зрабіць так, каб у далейшым лёс сына ці дачкі ад бацькоў не залежаў.

Сытуацыю, пры якой сувэрэнітэт краіны апынуўся ў волі аднаго чалавека — нельга лічыць нармальнай. У 1993 годзе суверэнітэт не залежаў ад жаданьня ці нежаданьня Кебіча альбо Шушкевіча.

У тым і парадокс сучаснай Беларусі, што прэзыдэнт, які павінен быў бы зьяўляцца быць гарантам сувэрэнітэту — ім не зьяўляецца. Тут хутчэй можна казаць пра залежнасьць лёсу нацыі ад капрызу аднаго чалавека, і гэта стала вынікам той палітыкі, якую праводзіцца Лукашэнкам вось ужо дзесяты год.

У сьвеце няма ніякай іншай краіны, у якой бы дзеяньні яе кіраўніка разглядаліся ў варыянтах — “здасьць” краіну ці “ня здасьць”.

Ці ёсьць заявы Лукашэнкі пра інтэграцыю толькі гульнёй з мэтай утрымаць уладу — альбо яны частка пляну інкарпарацыі Беларусі? Ці вырашыў Лукашэнка захаваць уласна беларускія грошы — альбо пагодзіцца на расейскі рубель пасьля таго, як выгандлюе сабе ў Крамля трэці тэрмін? Увядзе ён мытную мяжу з Расеяй ці не ўвядзе? Усе гэтыя разважаньні — у галіне вэрсыяў, тэорыяў і прагнозаў. Фактам жа застаецца тое, што за дванаццаць гадоў незалежнасьці Беларусь яшчэ ніколі не знаходзілася нагэтулькі блізка да страты сваёй дзяржаўнасьці.

Лукашэнка дзяржаву не ствараў

Ну а калі, нягледзячы на ўсе, Беларусь застанецца незалежнай — ці паўстануць помнікі Лукашэнку, ці трапіць ён у сузор`е выбітных асобаў Беларусі?

Паводле Юрыя Дракахруста ў тым жа самым артыкуле, “стаўленьне нашых нашчадкаў да асобы Лукашэнкі будзе ў нечым падобным да таго, як уяўляецца сучасным гішпанцам дыктатар Франка...". Аднак Юры Дракахруст зьвяртае ўвагу на тое, што дыктатару Франка не давялося ствараць, Лукашэнку ж выпала будаваць дзяржаву. Палітоляг лічыць, што Лукашэнку ў любым разе будуць памятаць ў гісторыі як першага прэзыдэнта Беларусі, як дзеяча, пры якім ствараліся дзяржаўныя інстытуты, хай сабе прымітыўныя і фэадальныя па сутнасьці... Юры Дракахруст гаворыць, што Лукашэнку наканавана ўвайсьці ў пантэон асобаў ад Вітаўта да Машэрава, таму што ён таксама ўвасабляе адзін з этапаў беларускай гісторыі — той самай, якую, "адрозна ад прэзыдэнтаў, не выбіраюць”.

Насамрэч да стварэньня дзяржавы Лукашэнка мае вельмі ўскоснае дачыненьне, і не выпадае ставіць яму ў заслугу “стварэньне беларускіх дзяржаўных інстытутаў”.

Дэклярацыя аб сувэрэнітэце распрацоўвалася ў 1990 годзе дэпутатамі БНФ без удзелу дэпутата Лукашэнкі. Законапраекты аб пераўтварэньні былых “бээсэсэраўскіх” ведамстваў у сувэрэнныя і стварэньні новых інстытутаў — а папросту кажучы, аб стварэньні ўласнага войска, памежнай і мытнай службы, уласнай фінансавай сыстэмы і г.д. — былі распрацаваныя той жа Апазыцыяй БНФ у жніўні — верасьні 1991 года — таксама без якога б то ні было ўдзелу Лукашэнкі. Заканатворчая дзейнасьць вымагала сыстэмнай і даволі руціннай працы, якая не абяцала зьнешняга эфэкту і таму цікавіла яго значна меньш, чым рэплікі ад мікрафонаў пад тэлекамэры.

Дарэчы, большасьць прапаноў дэпутатаў БНФ, як вынікае са стэнаграмаў сэсіі, Лукашэнка аспрэчваў, і ў гэтым салідарызаваўся з пракамуністычнай большасьцю. Хаця далёка ня ўсе тыя прапановы прымаліся, застаецца фактам, што, пакуль парлямант ўзначальваў Станіслаў Шушкевіч, ўдалося закласьці падмуркі беларускай дзяржаўнасьці. Менавіта таму апазыцыя, крытыкуючы Станіслава Станіслававіча за непасьлядоўнасьць, тым ня меньш ў крытычныя моманты заўсёды яго падтрымлівала.

Адзіная інстытуцыя, да стварэньня якой меў дачыненьне Лукашэнка — гэта прэзыдэнцтва. Рабілася ўсё, як вядома, “пад Кебіча”. Вясной 1994 года Зянон Пазьняк папярэджваў, што прэзыдэнцтва абернецца дыктатурай (у адным толькі сакавіку тагачасная “Народная газэта” зьмясьціла дзьве заявы Апазыцыі БНФ на гэты конт), апазыцыя не галасавала за Канстытуцыю — але прагаласавала парляманцкая большасьць плюс “маладыя ваўкі”, якія пазьней і вылучылі Лукашэнку ў прэзыдэнты.

Варта заўважыць, што ў апошні час ўсё больш беларускіх палітыкаў выказваюцца за парляманцкую рэспубліку, за скасаваньне інстытута прэзыдэнцтва ці абмежаваньне яго выключна прадстаўнічымі функцыямі па мадэлі Нямеччыны, Чэхіі ці Ізраіля.

Дзясяты год прэзыдэнцтва: ўсё меньш самастойнасьці

Цяпер давайце параўнаем дзяржаўныя інстытуты з інтэрвалам дзесяць гадоў — у 1993-м (апошні год без прэзыдэнта Лукашэнкі) і ў 2003-м.

Да моманту абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам дзяржаўныя інстытуты Беларусі былі створаныя. Быў Вярхоўны савет, які прымаў законы і кантраляваў іх выкананьне (хаця парляманцкая большасьць і падпарадкоўвалася Кебічу, але далёка ня ўсё, што прапаноўвалася прэм`ерам, праходзіла). Вярхоўны савет кантраляваў выкананьне законаў, а дэпутаты маглі апеляваць да народу. Ня з першага, але з трэцяга-чацьвёртага запыту Апазыцыі БНФ давалі 30-40 хвілінаў прамога (!) тэлеэфіру. Ва ўсялякім разе, раз на паўгода апазыцыя такога эфіру дамагалася. Не гаворачы пра тое, што пад час сэсіі ішлі тэлетрансляцыі “Рознага”, дзе дэпутаты ўздымалі найбольш вострыя пытаньні. Прыгадваю тут тэлеэфір не дзеля таго, каб адлюстраваць ступень тагачаснай свабоды слова, а менавіта як чыньнік функцыянаваньня парляманту ў якасьці прадстаўнічага воргану.

У 1993 годзе ўжо быў Нацыянальны банк, які надрукаваў свае грошы (не “зайцоў”!), што й цяпер захоўваюцца недзе ў сховішчах. Было Міністэрства замежных спраў, якое праводзіла ўсё больш незалежную ад Масквы палітыку. Міністэрства абароны ўсталёўвала адносіны з вайсковымі ведамствамі заходніх краінаў, а будаўніцтва расейскай станцыі пад Ганцавічамі было спыненае. Былі памежныя войскі, мытня. Дзейнічала судовая сыстэма.

Усе гэтыя дзяржаўныя інстытуты, бясспрэчна, не былі дасканалым — але ці зрабіліся больш дасканалым цяпер?

У 2003 годзе замест Вярхоўнага савета існуе ворган, які пазбаўлены трох галоўных функцыяў парляманту — прадстаўнічай (выбары не зьяўляюцца дэмакратычнымі), заканадаўчай (ці можа “палата” не прыняць прапанаваны прэзыдэнцкай адміністрацыяй законапраект?) і кантрольнай (дзейнасьць выканаўчай улады — па-за ўплывам дэпутатаў, якія нават ня маюць звестак пра рэальныя параметры бюджэту). Паўгадзінны выступ на тэлебачанні дэпутатаў групы “Рэспубліка”, ці хаця б, для прыкладу, троххвілінны зварот дэпутата Фралова да сваіх выбаршчыкаў на гарадзенскім радыё ў прамым эфіры — гэта нешта са сферы фантастыкі.

Судовая сыстэма цалкам падпарадкаваная прэзыдэнцкай вертыкалі. Спэцслужбы, міліцыя і пракуратура часцяком скарыстоўваюцца дзеля палітычнага перасьледу. Войска, памежны камітэт і мытная служба — структуры, якія непасрэдна павінны абараняць сувэрэнітэт краіны — робяцца ўсё меньш самастойнымі і больш залежнымі ад інтарэсаў Расеі.

Такім чынам, сучасныя дзяржаўныя інстытуты не адпавядаюць ні беларускім нацыянальным інтарэсам, ні дэмакратычным стандартам.

Дык каму і за што ставяць помнікі?

Цяжка меркаваць, у якой ступені адносіны нашых нашчадкаў будуць падобныя на стаўленьне сучасных гішпанцаў да Франка; што ведаю дакладна — помнікаў каўдыльо у Мадрыдзе няма. Але ў адным Лукашэнку нельга параўнаць з ніводным дыктатарам.

Ніхто зь іх не дазваляў сабе і свайму атачэньню пагарджаць нацыянальнымі сымбалямі, моваю свайго народа, сапраўднай гісторыяй краіны. Здаралася, што мянялі гербы і сьцягі, праводзілі моўныя рэформы — але стаўлення, якое б так балюча закранала глыбінныя пачуцьці нацыі, не дазваляў сабе ніхто (было якраз супрацьлеглае — эксплуатацыя нацыянальных пачуцьцяў і комплексаў).

Давайце і сапраўды параўнаем з Машэравым, вобраз якога сёньня, як мне падаецца, занадта ідэалізаваны. Хаця Пётр Міронавіч і праводзіў “інтэрнацыянальную ленінскую палітыку” і пры ім ужо не было ў гарадах беларускіх школаў, — але Быкаў, Барадулін, Брыль, Бураўкін выходзілі непараўнальна большымі накладамі, прычым раскупляліся. Рэгіянальныя газэты, за выключэньнем некалькіх, друкаваліся па-беларуску. Уладзімер Караткевіч быў прадстаўлены да свайго 50-годдзя да ордэна — уручылі яго ўжо пасьля гібелі Машэрава; дарэчы, юбілейны вечар Караткевіча ў Доме літаратара быў паказаны па БТ. Пры Лукашэнку пасьлядоўнік Караткевіча, Уладзімер Арлоў, у свой 50-гадовы юбілей даведаўся, што “ЛіМу” забаронена надрукаваць нават ягоны фотаздымак.

Пры Машэраве сапраўды цяжка было пачуць на вуліцах Менску беларускую гаворку. Але за беларускае слова не цягнулі ў міліцэйскі пастарунак.

Стаўленьне цяперашняй улады да беларускай мовы, нацыянальнай адукацыі, да гісторыі Беларусі — гэта спалучэньне пасьлядоўнай палітыкі русыфікацыі ды цынічнага зьдзеку з нацыянальных пачуцьцяў.

Прычым абсалютна неістотна, колькі чалавек выспавядаюць такія пачуцьці і лічаць сабе абражанымі — дзесяць мільёнаў ці проста дзесяць. У 19-м стагоддзі ў Чэхіі людзей, якія размаўлялі па-чэшску, было меньш за сотню, але іхнія высілкі і вера ў нацыянальнае адраджэньне зрабілі тое, што здавалася неверагодным. Вось гэтым людзям і ўзведзеныя помнікі ў чэшскіх гарадах.

напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: