Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Незалежнай газэце «Регион-вести» няма дзе друкавацца 10:59, 05/09/2003
Дырэкцыя рэчыцкага паліграфічнага прадпрыемства “Тытул” пісьмова папярэдзіла рэдакцыю незалежнай сьветлагорскай газэты “Регион-вести”, што з 14 верасьня спыняе друкаваць гэтае выданьне.
Дырэктарка паліграфічнага прадпрыемства “Тытул” Сьвятлана Драгун адмову друкаваць незалежную газэту тлумачыць надыходам сэзону выпуску календароў. Маўляў, адна сталічная фірма замовіла на новы год шмат перакідных настольных календароў. Замова выгадная, і паліграфічныя машыны будуць заняты менавіта выпускам календароў.
Тлумачэньне некалькі дзіўнае, бо менавіта прадпрыемства “Тытул” працягвае друкаваць шэсьць раённых дзяржаўных газэтаў, у тым ліку і афіцыйную райвыканкамаўскую газэту “Сьветлагорскія навіны”.
Праўдападобна, незалежныя газэты ў дзяржаўных чыноўнікаў заўсёды “ў мінусе”. Вольнага слова ня церпяць ані ў сталіцы, ані ў рэгіёнах. Друкаваць незалежныя выданьні становіцца ўсё цяжэй.
“Я вярнуўся з Жлобіну, дзе меў размову з дырэктарам выдавецтва “Тэхнічная кніга” Юр’ем Пузыровым наконт заключэньня дамовы на друкаваньне газэты “Регион-вести”. На жаль, прыехаў з адмовай. Спадар дырэктар спаслаўся, што ў іх занадта загружаныя паліграфічныя машыны, і друкаваць нашую газэту няма магчымасьці. Дагэтуль былі ў Бабруйску. Там таксама атрымалі адмову. Сказалі, што мы ня зь іхняй вобласьці. Едзьце ў сваю Гомельскую вобласць і там разьбірайцеся”, -- распавёў Радыё Свабода рэдактар газэты “Регион-вести” Мікалай Паседзька.
Сёлета з падобнымі праблемамі сутыкнуліся рэдакцыі баранавіцкай газэты “Шаг”, “Новай газэты Смаргоні”, недзяржаўнай газэты са Слоніму і некаторых іншых незалежных выданняў.