Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Ратуша» зьвяртаецца ў апошнюю інстанцыю 10:58, 05/09/2003, www.belngo.info
Грамадзкае аб`яднаньне "Ратуша" склала скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі на пастанову Горадзенскага абласнога суда. Апошні ліквідаваў Горадзенскае абласное грамадзкае аб`яднаньне "Ратуша" за выкарыстаньне і захаваньне рызографа безь ліцэнзіі на паліграфічную дзейнасьць. Ініцыятарам ліквідацыі было абласное ўпраўленьне юстыцыі.
У дадатак да згаданага абвінавачваньня, упраўленьне называла яшчэ некалькі парушэньняў, большасьць зь якіх не прызнаныя судом. Сярод іх - афармленьне пячаткі (на ёй двойчы фігуравала слова "Ратуша" - на гербе і ў поўнай расшыфроўцы назвы арганізацыі), вядзеньне пратаколаў паседжаньняў не сябрам, а супрацоўнікам "Ратушы", пашыраная трактоўка мэтаў аб`яднаньня ў фірменным буклеце, якая даслоўна не супадала з адпаведным пунктам Статута.
Яшчэ ў траўні "Ратуша" перадала рызограф Беларускаму інстытуту правазнаўства, бо ня мела грошай на атрыманьне ліцэнзіі (каля $1500) і рамонт памяшканьня, які б адпавядаў санітарным і пажарным нормам. Ранейшыя спробы падарыць "друкарку" ня мелі посьпеху. Ніводная з грамадзкіх арганізацыяў Горадзенскай вобласьці ня мае ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне паліграфічнай дзейнасьці. А кіраўніцтва Гарадзенскага дзяржунівэрсітэта, якое спачатку пагадзілася прыняць падарунак, нечакана даслала ліст з адмовай, спаслаўшыся на адсутнасьць сродкаў на дарагое абслугоўваньне рызографа.
Паводле заканадаўства, грамадзкае аб`яднаньне можа быць зьліквідаванае за паўторнае на працягу года парушэньне адных і тых жа нормаў. "Ратуша" ж атрымала першае папярэджаньне за выкарыстаньне, а другое - за захаваньне рызографа. Да таго ж, закон не патрабуе ліквідацыі, а толькі ўказвае на такую магчымасьць.