Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дзяржава больш не забясьпечвае бясплатныя сьняданкі ў школе 11:12, 12/09/2003
Сёлета за школьнае харчаваньне вучням ад 4 да 11 клясаў давядзецца плаціць у сярэднім каля 1 тысячы рублёў на дзень. Бясплатныя сьняданкі захаваліся толькі ў пачатковай школе, а таксама для вясковых вучняў.
“У дзяржавы на дзяцей грошай няма, — гэтак на пачатку навучальнага году тлумачылі сытуацыю бацькам настаўнікі. А паводле санітарных нормаў, дзеці ў школах мусяць абавязкова атрымліваць гарачае харчаваньне. Для многіх бацькоў даволі складана плаціць штомесяц 20 тысячаў і болей на харчаваньне.
Як паведаміла Радыё Свабода Ганна Малахава, загадчыца аддзелу Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі й грамадзкага здароўя, існуе нарматыў, у адпаведнасьці зь якім кожны навучэнец мусіць атрымліваць у школе другі гарачы сьняданак або абед. Раней існавала дзяржаўная датацыя на бясплатнае харчаваньне — 4% ад мінімальнай заработнай платы. Цяпер дзяржава датуе толькі сьняданкі для вучняў пачатковых клясаў і таксама навучэнцаў вясковых школаў.
«А зараз у нас увогуле праблема. Можа, яшчэ горш будзе… Ёсьць указ прэзыдэнта “Аб арэнднай плаце”. Калі раней выдаткі на ваду, электрычнасьць і гэтак далей ва ўстановах грамадзкага харчаваньня аплочвала дзяржава, то цяпер арандатар, у дадзеным выпадку — установа грамадзкага харчаваньня — павінная ўсё гэта аплачваць. Але ў такім разе нацэнка будзе да 70-80%, і дзяцей ужо ніяк не прымусіш харчавацца. Указ набыў моц летась, але яго ніхто не выконваў, і вось ужо сёлета вельмі жорсткае распараджэньне. Ёсьць пастанова прэм’ер-міністра пра тое, каб органы мясцовай улады кампэнсавалі грамадзкаму харчаваньню гэтыя выдаткі. Але як будзе насамрэч — я ня ведаю», -- паведаміла Радыё Свабода Ганна Малахава.