Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мінюст пачаў працэс ліквідацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» 11:11, 15/09/2003, www.belngo.info
Вярхоўны суд распачаў справу па зыску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб`яднаньня "Праваабарончы цэнтар "Вясна". Аб гэтым 13 верасьня стала вядома сябрам арганізацыі. Зыск быў падпісаны асабіста міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым яшчэ 2 верасьня.
Падставамі для ліквідацыі аб`яднаньня чыноўнікі палічылі парушэньні правілаў вядзеньня справаводзтва; нявыплату сябрамі арганізацыі, насуперак патрабаваньням Статута, сяброўскіх унёскаў; вылучэньне назіральнікаў падчас выбарчай кампаніі 2001 году, парушэньні пры стварэньні рэгіянальных аддзяленьняў і інш. Сярод абвінавачаньняў вылучаецца тое, якое тычыцца ўдзелу аб`яднаньня ў судовых працэсах па абароне грамадзянаў, якія не зьяўляюцца сябрамі "Вясны". На думку Міністэрства юстыцыі, нават рэгістрацыя "Вясны" ў 1999 годзе, якую праводзіў мінюст, адбывалася з парушэньнямі - на думку чыноўнікаў, на той час колькасьць заснавальнікаў "не дацягвала" да той, якая патрэбная пры рэгістрацыі аб`яднаньня рэспубліканскага ўзроўню.
Кіраўнік Сыстэмы калектыўнай абароны Асамблеі НДА Беларусі Юры Чавусаў лічыць, што "частка з гэтых прэтэнзіяў грунтуецца на матэрыялах шматлікіх праверак, што праводзіліся апошнім часам у "Вясне" і яе рэгінальных аддзяленьнях, а частка прадстаўляе сабою плод руплівага шматгадовага назапашваньня "кампрамату" на праваабаронцаў. Хутчэй за ўсё, Мінюст проста выканаў замову, якая сыходзіла зь іншых стурктураў".
На думку юрыста, падача органамі юстыцыі зыску аб ліквідацыі - "найбольш жорсткі сродак уціску на няўрадавыя арганізацыі. Сам факт падачы такога зыску ставіць на аб`яднаньні крыж - суды ніколі ня йдуць супраць сваіх калегаў з Мінюста". На сёньняшні дзень вядома, што 23 верасьня ў 10 гадзін раніцы ў Вярхоўным суддзе адбудзецца сумоўе ісца і адказчыка з судзьдзёй. У выніку гэтай размовы і будзе вызначаная дата першага судовага паседжаньня па справе аб ліквідацыі грамадзкага аб`яднаньня "Праваабарончы цэнтар "Вясна".