Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Neue Zuercher Zeitung»: «У дачыненьні да Беларусі Крэмль мае толькі адно жаданьне» 10:59, 16/09/2003, Радыё Свабода
Расея абвастрае эканамічную спрэчку зь Беларусьсю, не пакідаючы Менску надта вялікіх шанцаў, — напісала напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі й Пуціна ў Сочы нямецкая “Sueddeutsche Zeitung”. Паводле аглядальнікаў шэрагу буйных эўрапейскіх выданьняў, незалежна ад вынікаў перамоваў, Крэмль чарговы раз прадэманструе, што ў дачыненьні да краіны-суседкі ён мае толькі адно жаданьне: праглынуць яе.
Як вынікае з публікацыі ў “Sueddeutsche Zeitung”, праўдападобна, што ізаляцыі з боку Захаду для Лукашэнкі недастаткова. Сваім нежаданьнем падпісаць дагавор пра пераход на расейскі рубель ад пачатку 2005 году, сваімі заявамі адносна жаданьня беларускага народу жыць ня разам са сваім “старэйшым братам”, а асобна — у свабоднай, незалежнай і непахіснай краіне, беларускі лідэр выклікаў у расейскага кіраўніцтва сапраўднае раздражненьне. Цяпер ужо Масква дэманструе Менску сваю надзвычай жорсткую пазыцыю ў эканамічнай спрэчцы.
Як піша швайцарская “Neue Zuercher Zeitung”, Менску ўсё ж ня трэба забывацца, што Крэмль мае доўгія рукі. Што да Лукашэнкі, то ягоная карта ў гэтай гульні надзвычай кепская. Крыць масьць расейскага кіраўніцтва і алігархаў яму няма чым. Тыя ж ня маюць у дачыненьні да краіны-суседкі іншых разьлікаў, як праглынуць яе.
Пра тое, што цягам перамоваў могуць быць прынятыя пагадненьні пра раўнапраўе суб’ектаў саюзу, ня можа быць і гаворкі. Праўдападобна, што цяпер ілюзіяў на конт гэтага ня мае і Лукашэнка. Паводле іроніі лёсу, гэты стоадсоткава савецкі чалавек мусіць дзеля захаваньня сваёй пасады з кожным днём усё больш і больш выступаць за захаваньне незалежнай Беларусі, — піша “Neue Zuercher Zeitung”.