Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На мяжы цішыня. Поўная 11:38, 01/10/2003, Андрэй Адляніцкі, pahonia.promedia.by
Першым наступствам увядзення візавага рэжыму стала змяньшенне колькасці людзей, якія падарожнічаюць у Польшчу. На першы цягнік, які пасля ўвядзення візавага рэжыму адправіўся ў Польшчу, было прададзена толькі 7 квіткоў. Звычайна на гэтым цягніку ехала да 500 чалавек. На аўтавакзале на першыя два “візавыя” рэйсы ў Польшчу прадалі адпаведна 2 і 3 квіткі. Пасля апошніх гарачых дзён дзейнічання ваўчэраў сёння на беларускай мяжы ціха і спакойна.
На чыгуначным вакзале знікла чарга ля пункту мытнага кантролю, да якой гродзенцы ўжо пасьпелі прызвычаіцца. Няма чаргі і ля касаў, дзе прадаюцца білеты на замежныя рэйсы. Але адказныя асобы спадзяюцца, што ў хуткім часе сітуацыя выправіцца.
- Канешне, сёння абслугоўваючы рэйс, на якім едзе толькі 7 чалавек, мы нясем страты. Але гэта першы дзень і я думаю, гэта хутка зменіцца. Калі не? Тады мы будзем вымушаныя адмяняць стратныя рэйсы, - гаворыць намеснік кіраўніка пасажырскага ўчастку гродзенскага аддзялення чыгункі Лявон Лабко.
Падобнага пункту гледжання прытрымліваецца і кіраўніцтва аўтавакзалу.
- Я спадзяюся, што гэта часовая з’ява. Першы дзень... Нехта праспаў, нехта забыў, нехта не паспеў зрабіць візу... Пакуль што ніводнага рэйсу ў Польшчу мы адмяняць не збіраемся. Я думаю, з цягам часу сітуацыя нармалізуецца, - гаворыць Віктар Чыжык, дырэктар Гродзенскага аўтавакзалу.
Гэтыя спадзяванні падцвярджае і колькасць візаў, выдадзеная консульствамі Польшчы апошнім часам. Так, на працягу толькі апошняга тыдня Генеральнае консульства Польшчы ў Гродна выдала каля 3000 візаў. Пры чым пераважная большасць з іх - гэта шматразовыя візы.