Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мытня ня верыць у недатыкальнасьць нелегітымных дэпутатаў 15:54, 01/10/2003, Генадзь Барбарыч, pahonia.promedia.by
Дэпутаты “палаты прадстаўнікоў”, сябры дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў і Уладзімір Парфяновіч, у парушэнне статуса дэпутацкай недатыкальнасці, былі абшуканы на беларуска-літоўскай мяжы. Паводле слоў Валерыя Фралова, гэта адбылося на мытным пераходзе “Каменны Лог” у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці, апоўдні 30 верасня, пры вяртанні дэпутатаў з прыватнай паездкі ў Літву.
Кіраўніцтва мытні запатрабавала ад дэпутатаў запаўнення дэкларацыі, на што яны адказалі, што нічога не правозяць. Тады ім прад’явілі пісьмовы загад запоўніць дэкларацыі. Дэпутаты вымушаныя былі падпарадкавацца.
Пасля гэтага аўтамабіль, на якім ехалі дэпутаты, быў пастаўлены на спецпляцоўку. Як заявіў “ПАГОНІ” Валеры Фралоў, на працягу двух гадзін машына была “раскручаная да вінціка” і правераная кожная шчыліна. Потым дэпутатаў запрасілі ў памяшканне. Ім была прад’яўлена рэзалюцыя №005/Р404 з дазволам на асабісты дагляд, падпісаная начальнікам мытні “Каменны Лог”. Затым была праведзеная працэдура асабістага дагляду. Як запісана ў пратаколе, пад якім стаіць подпіс мытніка Смірнова і панятых Бахань і Казак: “дагляд скончаны на стадыі зняцця і дагляду асабістай вопраткі”. Асабістыя рэчы, партфелі дэпутатаў былі таксама старана прагледжаныя.
Як лічыць Фралоў, “гэты дагляд супярэчыць артыкулу 47 Закона “Аб статусе дэпутата”, дзе гаворыцца пра тое, што дэпутаты “палаты прадстаўнікоў” і сябры “савета рэспублікі” не могуць быць падвергнутыя вобшуку і асабістаму дагляду”. Выключэнне з гэтай нормы прадугледжана заканадаўствам толькі пры затрыманні дэпутата на месцы злачынства. Між тым, па словах Фралова, у пратаколах асабістага нагляду мытнікі вымушаныя былі запісаць: “не знойдзена рэчаў і дакумантаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі правапрымянення”.
На думку Валерыя Фралова, гэтыя дзеянні з’яўляюцца часткай планамернага кантролю і спробаю знайсці нейкія кампраметуючыя матэрыялы ў адносінах да дэпутатаў групы “Рэспубліка”. Як сведчыць Фралоў, такі ціск доўжыцца цягам апошніх месяцаў штодня. “Я прыязджаю ў Гродна, каля дома адразу два пасты выстаўляюцца. Я прыязджаў у Віцебск, начаваў у сяброў. У іх праз некалькі дзён пачынаюцца непрыемнасці. Я прыязджаю ў Брэст, таксама з’яўляецца “хвост”... Я пісаў у свой час у Міністэрства ўнутраных спраў, у пракуратуру, у КГБ пра тое, што маю звесткі, што за мною наладжаны вонкавы нагляд, тэлефоннае праслухоўванне. Адказ – аніякіх мерапрыемстваў мы не праводзім. А хто ў такім выпадку праводзіць? Можа яшчэ нейкія сілы?”- сказаў генерал Фралоў.
Нагадаем, што “палата прадстаўнікоў” ня мае міжнароднай легітымнасьці, нягледзячы на ўсе захады беларускіх уладаў.