Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Хто ж для Расеі важнейшы — Буш або Беларусь?» 10:58, 01/10/2003
Перад сустрэчай з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным Аляксандар Лукашэнка, які ня меў у Маскве перамоваў з фэдэральнымі чыноўнікамі, заявіў, што ў пытаньнях саюзнага будаўніцтва ён “не ідзе да тых людзей, зь якімі бескарысна губляць час у спрэчках і дэбатах”.
Размаўляючы з журналістамі, беларускі кіраўнік паведаміў, што Беларусь і Масква маюць таваразварот удвая большы, чымсьці ўся Расея і ЗША, і дадаў: “Дык я задаю пытаньне, хто ж для Расеі важнейшы: Буш або Беларусь?” Паводле спадара Лукашэнкі, Расея “вядома ж, будзе разьвіваць з Амэрыкай таваразварот, але й зь Беларусьсю таксама”.
Паводле яго, беларуска-маскоўскі таваразварот памерам крыху менш за 4 мільярды даляраў ёсьць асновай саюзу Беларусі й Расеі, а з ініцыятывы мэра Масквы Юрыя Лужкова ў 2006 годзе ён будзе павялічаны да ўзроўню больш як 5 мільярдаў даляраў. Аляксандар Лукашэнка шмат хваліў спадара Лужкова, зь якім мае добрыя дачыненьні. “Я не іду да тых людзей, зь якімі губляеш час на нейкія спрэчкі й дэбаты”, — заявіў спадар Лукашэнка. Мажліва, гэткім чынам ён адрэагаваў на паведамленьні маскоўскіх мас-мэдыяў пра тое, што яго не прымае ніводзін фэдэральны чыноўнік Расеі, лічыць Радыё Свабода.