Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польскі прэм’ер-міністр спаткаўся з беларускай апазіцыяй. Нягледзячы на перашкоды 13:32, 13/10/2003, Андрэй Адляніцкі, «Пагоня»
Учора прэм’ер-міністр Польшчы Лешак Мілер прыняў удзел у афіцыйным святкаванні 60-годдзя бітвы пад Леніна. Пасьля святочнага мерапрыемства Мілер спаткаўся з прадстаўнікамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Адбылося гэта насуперак перашкодам беларускіх спецслужбаў.
- Напачатку здавалася, што ў нас поўнае ўзаемаразуменне з уладамі. У мяне на руках быў план мерапрыемства, які я атрымаў у аблвыканкаме. Мы прывезлі вянкі. Нас пусцілі да помніка, і мы іх ўсклалі, - гаворыць старшыня Магілёўскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімір Шанцаў.
Але ідылія хутка мінула, калі Лешак Мілер пажадаў асабіста спаткацца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Беларускі бок падчас мерапрыемства прадстаўляў в.а. прэм’ер-міністра Сяргей Сідорскі. Менавіта яго ахова рабіла ўсё магчымае, каб не дапусціць спаткання Мілера з апазіцыяй.
Сустрэча Лешака Мілера, які з’яўляецца адным з лідэраў Саюза левых дэмакратаў, са старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Міколай Статкевічам была папярэдне ўзгоднена кіраўніцтвам абодвух партый.
- Спачатку мы мелі сустрэцца адразу пасьля ўскладання вянкоў, але тут нечакана перад намі ўзніклі людзі ў цывільным, якія нас адцяснілі. Потым амбасадар Польшчы паспрабаваў правесці нас у музей, дзе ў гэты час знаходзіўся польскі прэм’ер. Але і перад музеям ужо стаяў ланцуг з ахоўнікаў. Прадстаўнікі польскай амбасады так і не здолелі правесці нас праз ланцуг аховы, - распавядае Мікола Статкевіч.
Па словах Статкевіча, яму дазволілі ўвайсці ў музей савецка-польскай дружбы, каб асабіста спаткацца з польскім прэм’ер-міністрам толькі пасьля того, як Лешак Мілер паставіў гэта пытанне перад Сідорскім.
- Першае, што спытаў у мяне Мілер, гэта тое, дзе астатнія сябры партыі. Я яму патлумачыў, што кіраўніцтва партыі, кіраўнікі шэрагу рэгіянальных арганізацый, знаходзяцца ля музея і на сустрэчу іх не дапусціла ахова. Тады ён вырашыў выйсці на вуліцу, каб асабіста павітацца з беларускімі сацыял-дэмакратамі. З намі хацеў выйсці і Сідорскі. Але Мілер на яго так выразна паглядзеў, што Сідорскі недзе знік, - гаворыць Мікола Статкевіч.
На вуліцы ля музея адбылася кароткая размова Лешака Мілера з кіраўнікамі беларускіх сацыал-дэмакратаў. Размова была спыненая супрацоўнікамі спецслужбаў, якія пачалі адштурхоўваць апазіцыянераў. Нягледзячы на скандальныя дзеянні беларускіх спецслужбаў, якія фактычна вырашалі хто і дзе можа спаткацца з Лешакам Мілерам, Мікола Статкевіч перакананы ў карысці візіта польскага прэм’ер-міністра.
- Візіт Мілера ў Беларусь - гэта не толькі праява павагі да польскіх герояў, якія загінулі, змагаючыся за вызваленне Польшчы і Беларусі ад фашызму, але і маральная падтрымка беларускай апазыцыі, - лічыць Мікола Статкевіч.