Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Трэцiя суткi трымае галадоўку ваўкавыскi iндывiдуальны прадпрымальнiк Мiкалай Аўтуховiч. Такiм чынам уладальнiк радыётаксi 22222 пратэстуе супраць незаконнага, на яго погляд, затрымання трынаццацi ягоных аўтамабiляў супрацоўнiкамi падаткавых органаў.
Мiкалай Аўтуховiч распачаў сваю акцыю пратэсту ў суботу. Дзвюма днямi раней Iнспекцыя падаткавага камiтэта па Гарадзенскай вобласцi налiчыла прадпрымальнiку 273 мiльёны штрафных санкцыяў за парушэнне касавых аперацыяў. У забеспячэнне гэтай сумы ў мiнулы чацьвер “падаткавiкi” разам з супрацоўнiкамi ДАI затрымалi 11 “мэрсэдэсаў”-таксi, машыну-эвакуатар i мiкрааўтобус “форд-транзiт”, якiя належаць прадпрымальнiку.
- Зараз вядзецца праверка дзейнасцi прадпрымальнiка Аўтуховiча, - паведамiў намеснiк начальнiка Iнспекцыi падаткавага камiтэта па Гарадзенскай вобласцi Юры Сяўко. – А машыны да заканчэння праверкi затрыманы з мэтай прадухiлення парушэння заканадаўства. У выпадку, калi вiна прадпрымальнiка будзе даказана судом, аўтамабiлi будуць канфiскаваныя ў даход дзяржавы.
Аднак Мiкалай Аўтуховiч звязвае затрыманне сваёй маёмасцi з канфрантацыяй памiж iм i мясцовымi ўладамi:
- Маю дзейнасць актыўна пачалi правяраць падаткавыя структуры ўсiх узроўняў з чэрвеня, пасля таго, як я адкрыта абвiнавацiў кiраўнiцтва мясцовай падаткавай iнспекцыi ў карупцыi, - паведамiў нашаму карэспандэнту Мiкалай Аўтуховiч. – Тое, што затрыманне аўтамабiляў праводзiлася без мяне, без прад’яўлення афiцыйных папераў i пастановаў, сведчыць пра тое, што гэта была сiлавая акцыя, накiраваная на застрашэнне мяне.
40 супрацоўнiкаў прадпрымальнiка, якiя засталiся без працы, перадалi старшынi Ваўкавыскага райвыканкаму Мiхаiлу Савельеву зварот з патрабаваннем вярнуць машыны ўладальнiку. Мэр абяцаў падумаць над магчымымi шляхамi вырашэння праблемы напрацягу блiжэйшых дзвюх дзён. Калi пытанне не будзе вырашана да серады, вадзiцелi таксi збiраюцца далучыцца да галадоўкi Мiкалая Аўтуховiча.
Мiкалай Аўтуховiч галадае на сваiм працоўным месцы. З пачатку акцыi пратэсту ён выпiў толькi паўтары лiтры вады. На гэты момант ён ацэньвае стан свайго здароўя як задавальняючы, за медычнай дапамогай прадпрымальнiк пакуль не звяртаўся.