Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нічога не нагадвае? 11:03, 17/10/2003, Прэс-служба Партыi БНФ, фота AP, Reuters
Скончылiся выбары прэзыдэнта Азэрбайджану, у якiх, паводле афiцыйных вынiкаў, перамог сын Гейдара Алiева Iльгам. У якасьцi мiжнародных назiральнiкаў у краiне знаходзiцца вялiкая група беларусаў. Сьведчыць Аляксей Колчын з Магiлёва, якi назiраў за выбарамi ў горадзе Гянджы (акруговая камiся № 37, 25 участкаў, 33000 выбарнiкаў): "Усе 25 пратаколаў участковых камiсiяў былi прывезеныя спачатку ў чарнавiках. Супрацоўнiкi акруговай камiсii разам са старшынямi ўчастковых камiсiяў карэктавалi пратаколы, а затым вярталi iх на "канчатковае" афармленьне. Працэдура прыняцьця, афармленьня й перадачы пратаколаў не была выкананая нi па водным пункце. Нам, назiральнiкам АБСЭ, ня выдалi анiводнага пратаколу ўчастковых камiсiяў (хоць былi абавязаныя); не дазвалялi назiраць працэс перадачы вынiкаў у ЦВК. Увесь час у камсii знаходзiлася палiцыя, а побач - узброеная палiцыя й вайскоўцы".
Як кажа А.Колчын, цяпер у Гянджы на вулiцах спакойна, адрозна ад Баку. Тут у якасьцi назiральнiка знаходзiцца юрыст, сябра Сойму Партыi БНФ Уладзiмер Лабковiч. Ён паведамляе, што ў сутычках з палiцыяй, паводле iнфармацыi найбуйнейшай апазыцыйнай партыi "Мусават", загiнула да васьмi чалавек, а некалькi соцень зьнiклi бязь вестак. Палiцыя захапiла будынак "Мусавату". У горадзе працягваюцца арышты.
Азэрбайджанскiя грамадзкiя арганiзацыi паведамляюць пра выкарыстаньне брутальнае сiлы супраць 40 тысячаў дэманстрантаў, якiя на пляцы Азадлыг пратэставалi супраць сфальшаваных выбараў i выказвалi падтрымку лiдэру "Мусавату" Iсу Гамбару. Збройная палiцыя й спэцслужбы жорстка зьбiвалi мужчын, жанчын i моладзь. Выкарыстоўвалiся газы й агняпальная зброя.
Паводле азэрбайджанскiх крынiцаў, для фальсыфiкацыi выбараў улады выкарыстоўвалi розныя спосабы. Гэта выкрэсьлiваньне выбаршчыкаў са сьпiсаў; шматарзовае галасаваньне адных i тых жа асобаў (прыкладам, для гэтага змабiлiзавалi настаўнiкаў, якiх вазiлi з участку на ўчастак); масавае ўкiдваньне загадзя запоўненых бюлетэняў, у тым лiку палiцыяй; гвалтоўнае выкiданьне з участкаў назiральнiкаў i iнш.
Старшыня Партыi БНФ Вiнцук Вячорка камэнтуе прыход да ўлады Iльгама Алiева наступным чынам: "На жаль, на постсавецкай прасторы створаны прэцэдэнт фармаваньня паноўнае дынастыi аўтакратаў. Сын Гейдара Алiева, Iльгам Алiеў, зьмянiў свайго бацьку пры ўладзе пры дапамозе добра вядомых беларусам мэтадаў. Я асабiста ведаю лiдэра старэйшае дэмакратычнае партыi Азэрбайджану "Мусават" Iсу Гамбара. Гэта высокаадукаваны чалавек, сапраўдны iнтэлiгент, з найвышэйшым пачуцьцём адказнасьцi за свой народ i сапраўды папулярны ў народзе. Яго сiлай i манiпуляцыямi не дапусьцiлi да дзяржаўнага стырна людзi родам з савецкага мiнулага".