Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Паўраспад на шляху яднаньня 12:55, 20/10/2003, Аркадзь Шанскі, «Наша Ніва»
Развод Вячоркі і Севярынца, якога з трывогаю чакалі актывісты нацыянальнага руху, прайшоў ціха і інтэлігентна. Ці прывядзе ён да новых хаўрусаў?
Усё абышлося безь вялікага скандалу. Перад пачаткам Павал Севярынец, раздаўшы журналістам ды ўдзельнікам Сойму сваю заяву пра выхад з партыі, сышоў з офісу. І гэтым задаў Сойму тон: нават абмеркаваньне заявы пра тое, што ўлады распальваюць у краіне міжэтнічную варожасьць, зьвялося ўрэшце да Севярынца. Прыкладамі распальваньня варожасьці ў заяве названыя папярэджаньні Саюзу палякаў у Беларусі, антысэміцкія захады ўлады (закрыцьцё Міжнароднага гуманітарнага інстытута пры БДУ), вайсковыя вучэньні “Чыстае неба”. Паводле іх сцэнару, кампактная этнічная меншыня імкнецца аддзяліцца ад “Чырвонай Рэспублікі” пад правакацыйным уплывам суседняй “Сіняй Рэспублікі”. Пры гэтым “сінія” выкарыстоўваюць здраду ўнутранае апазыцыі “чырвоных”. Сойм у сваёй заяве адзначыў, што вучэньні бачаць патэнцыйнага праціўніка ў Польшчы, Літве, Латвіі ці Ўкраіне і адпаведных этнічных мяншынях у Беларусі.
Правакацыяй Сойм палічыў і публікацыю ў “Белорусской газете” інтэрвію з палітолягам Андрэем Суздальцавым пра ўціск расейскай дыяспары ў Беларусі. Зарабіў і Севярынец, які “паддаўся на правакацыю” і дыспутаваў з Суздальцавым, кажучы пра “фіна-вугорскія гены ў расейцаў, празь якія яны схільныя алькагалізму”. Філіпікі былі завочныя — на Сойме Павал не прысутнічаў. У ягонай заяве пра выхад з партыі сказана, што БНФ, такі, які ён ёсьць сёньня, ня мае будучыні, бо адышоў ад ідэяў Адраджэньня і ня мае шанцаў стаць шырокім грамадзкім рухам. Ёсьць і закіды кіраўніцтву партыі ў партыйных чыстках ды “атмасфэры нецярпімасьці й фарысэйства”. Севярынец заклікаў да супрацоўніцтва ўсіх сябраў партыі, “гатовых змагацца за Беларусь”.
Вячорка ў адказ зьвінаваціў Севярынца ў парушэньні партыйнага статуту — маладафронтаўцы, маўляў, працуюць валанцёрамі ў Расеі на выбарах у Думу на Саюз правых сілаў, які выступае за ўвядзеньне расейскага рубля ў Беларусі.
Юры Хадыка заявіў, што ў выпадку галасаваньня ён быў бы супраць выгнаньня Паўла з партыі: “Іншадумцы паўсюль патрэбныя”. Ляканічна падтрымаў Севярынца і прадстаўнік Магілёва Анатоль Фёдараў: “Павал правільна сказаў”. Вячорка абазначыў сытуацыю сьцісла: “Паўлу прапанавалі выбіраць, каго ён хоча прадстаўляць — Партыю БНФ ці Малады Фронт. Хлопец зрабіў свой выбар”. Мелася на ўвазе тое, што Севярынец, сябра БНФ, ад імя Маладога Фронту вёў перамовы зь “пяцёркай” дэмакратычных партыяў, у якую ўваходзіць і Фронт.
Знаходжаньне БНФ у “пяцёрцы” разам з камуністамі, моцна недаспадобы Севярынцу. Супраць удзелу ў любых такіх кааліцыях выступае і Зянон Пазьняк. На ягоную думку, яны могуць толькі падважыць аўтарытэт БНФ. Маладафронтаўцы з кахэпістамі, ужо аб’яднаныя супольным змаганьнем у Курапатах, цяпер могуць сысьціся яшчэ шчыльней. Да гэтае новае сілы маглі б далучыцца і актывісты незарэгістраванае Партыі свабоды, а таксама сябры БСДГ ды БНФ, якія стаяць на больш радыкальных пазыцыях, чым лідэры. Ці створыцца такая новая кансэрватыўна-хрысьціянская кааліцыя, залежыць ад гатоўнасьці Пазьняка, Севярынца, а таксама Вячаслава Сіўчыка, Уладзімера Кабца ды Сяргея Высоцкага прыйсьці да паразуменьня. Але рэальна, а не на паперы такая кааліцыя запрацуе толькі ў тым выпадку, калі гэтыя палітыкі знойдуць кантакт з рэгіянальнымі лідэрамі, што могуць прывесьці ў яе актывістаў і адшукаць крыніцы фінансаваньня. Згуртаваць можа толькі супольнае дзеяньне, тым часам погляды самых яркіх правых лідэраў на найбуйнейшую палітычную кампанію наступнага году разыходзяцца. Лідэры моладзі Севярынец, Кобец, Высоцкі гатовыя да ўдзелу. Пазьняк катэгарычна супраць. Што ў такім разе магло б стаць плятформаю новага палітычнага аб’яднаньня, невідавочна. Між тым, як паказвае досьвед мінулых гадоў, менавіта бязьдзеяньне, адсутнасьць канкрэтных справаў пры збытку амбітных лідэраў вядзе да застою, за якім наступае
Зрэшты, і з “дэмакратычнай пяцёркай”, як вынікае з словаў Вячоркі, пакуль ня ўсё гладка. Гэта ні партыйны блёк, ні нават кааліцыя — проста міжпартыйная ініцыятыва: удзельнікі яе пагадзіліся, што супольныя для ўсіх прынцыпы — гэта дэмакратыя і незалежнасьць краіны. Усе астатнія пазыцыі не абмяркоўваюцца. Так што “Фронт ідзе на выбары пад сваім імем, з сваімі ідэямі, ні ад кога не хаваючыся”, — кажа Вячорка. Кіраўніцтва БНФ, зьвінавачанае Севярынцам у ігнараваньні інтарэсаў МФ і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі, прапанавала апошняй аб’яднаць намаганьні ў падрыхтоўцы Дзядоў. Але пра аб’яднаньне партыяў гаворка ня йдзе. “Як мы можам аб’яднацца сёньня з КХП-БНФ, калі яны не прызнаюць парлямэнцкія выбары, а мы на іх ідзем?” — пытаўся на сойме Вінцук. Вось жа, нацыянальныя сьвяты й даты — пакуль што галоўны аб’яднаўчы чыньнік у дачыненьнях між партыямі, што прэтэндуюць на адлюстраваньне інтарэсаў людзей беларускамоўных. “Калі нават КХП не захоча, дык мы папросту без скандалу далучымся да мерапрыемстваў, ладжаных гэтай партыяй”, — сказаў прэс-сакратар БНФ Аляксей Янукевіч. Маладафронтаўцы, трэба думаць, далучацца таксама.