Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Тактыка намордніка 15:12, 23/10/2003, Polskie Radio
Тыднёвік „Newsweek Polska” піша пра сытуацыю мас-мэдыяў у Беларусі. У прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ёсьць ужо спраўджаны мэтад на крытыкаў ягонай палітыкі – ён па чарзе супакойвае непаслухмяныя СМІ.
Аўтар публікацыі, Міхал Кацэвіч, паведамляе, што цягам першых дзён кастрычніка беларуская тэлевізія безупынна паказвала палігон пад Берасьцем і А.Лукашэнку ў мундзіры ў атачэньні расейскіх жаўнераў, якія бралі ўдзел у супольных манэўрах. Кіраўнік беларускай дзяржавы моцна іх хваліў, называў найбольшымі абаронцамі Беларусі й братамі. А 14 кастрычніка прыбыў у Маскву на чарговыя перамовы ў справе інтэграцыі з Расеяй, таму што бяз таннай сыравіны, па ягоных словах, Беларусь збанкрутуе. Тым часам, маўляў, незалежная прэса й расейскія тэлестанцыі безупынна перашкаджаюць й палохаюць коштамі інтэграцыі. У іх ацэнцы, адно толькі ўвядзеньне супольнае валюты мела б каштаваць Беларусь больш за 2 мільярды даляраў.
Дык Лукашэнка пачаў змагацца зь незалежнымі мэдыямі. Газэты зачыняюцца, а на частоты адносна аб’ектыўных расейскіх тэлестанцыяў уводзяцца прапагандавыя беларускія каналы. Пры дапамозе бюракратычных рашэньняў зь Менску былі выгнаныя прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў абароны правоў чалавека. 2 кастрычніка А.Лукашэнка загадаў ураду напісаць новы закон аб СМІ. Праўдападобна, будзе ён прыняты ўжо ў лістападзе. Мае ў ім апынуцца запіс пра тое, што журналіст ня мае права ачарняць дзяржавы, прэзыдэнта й ягоных чыноўнікаў. Хто гэта зробіць, трапіць у вязьніцу. Дзейны закон даволі лібэральны. Лукашэнку, каб зачыніць газэту, трэба было шукаць прычынаў, напрыклад, караць галоўных рэдактароў штрафам за парушэньне супрацьпажарных правілаў. Цяпер можна будзе афіцыйна абвінаваціць журналіста ў нанясеньні шкоды дзяржаве, нават калі напіша, што раённы чыноўнік узяў хабар – сказаў тыднёвіку „Newsweek Polska” Эдвард Мельнікаў зь Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Дагэтуль Лукашэнка аказаўся пераможцам у змаганьні зь вялікімі газэтамі. Прыпыніў гарадзенскую „Пагоню”, расправіўся з „БДГ”. Цяпер пры дапамозе новага закону хоча расправіцца зь некалькімі дзясяткамі раённых газэтаў і тыднёвікаў, якія выяўляюць афэры сярод ягоных чыноўнікаў. Папярэджаньні ўжо атрымалі: "Мясцовая Газэта "Шаг" з Баранавічаў ды „Новая Газэта Смаргоні”. На пачатку кастрычніка міністар інфармацыі Ўладзімір Русакевіч зачыніў 4 мясцовыя газэты, а на ягоным чорным сьпісе знаходзіцца яшчэ больш за 10.
Ня лепш сытуацыя прадстаўляецца з тэлевізіяй. У Беларусі няма незалежных электронных СМІ. Іх ролю выконваюць расейскія тэлестанцыі: ОРТ, НТВ, РТР, ці канал Культура. Яны зьяўляюцца сольлю ў воку Лукашэнкі, таму што расейскія журналісты не гуляюць у сэнтымэнты й беларускага прэзыдэнта называюць „хворым ад амбіцыяў дыктатарам”, а беларускую эканоміку акрэсьліваюць „цяжарам для расейскага бюджэту”. Таму працягваецца змаганьне з расейскай тэлевізіяй. Апошнім часам расейская праграма Культура была замененая беларускай тэлестанцыяй Лад, якая займаецца прапагандай лукашэнкаўскага парадку ў краіне. Больш за 90% эфірнага часу ўсяго беларускага тэлебачання займаюць справаздачы зь візытаў прэзыдэнта й паседжаньняў ураду.
Калі Лукшэнку нешта не ўдаецца, заўсёды знаходзіць віноўнікаў – сказаў тыднёвіку „Newsweek Polska” Андрэй Максімаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Апошнім часам ускладняецца інтэграцыя з Расеяй. Гэта ён меў дыктаваць умовы інтэграцыі, а ня Пуцін. Гэтак ня сталася, і таму знайшоў віноўнікаў – журналістаў. Дарэчы, кіраўнік беларускай дзяржавы зусім не скрывае таго, што хоча ліквідаваць незалежныя СМІ. Перад палётам у Маскву на паседжаньне «саюзнае рады» абвінаваціў замежныя (у тым ліку й расейскія) ды беларускія СМІ ў падрыхтоўцы зговару супраць інтэграцыі.
Беларускі прэзыдэнт, які давёў краіну да эканамічнага заняпаду й які ўсё больш ізалюецца сьветам, не абмяжоўваецца змаганьнем з журналістамі. Імкнецца ўмоцніць свой аўтарытэт. У жніўні ў вялікіх заводах, школах і грамадзкіх установах паявіліся г.зв. палітрукі, мэтай дзейнасьцьі якіх зьяўляецца палітычны кантроль. Маюць яны сачыць за тым, ці працаўнікі ня ставяцца варожа да свае дзяржавы. Згэтуль ужо толькі крок да ўвядзеньня палітычнага кантролю ў рэдакцыях газэтаў – піша на старонках тыднёвіка „Newsweek Polska” Міхал Кацэвіч.