Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь патрабуе ад Польшчы выдачы бізнэсмэнаў 14:49, 27/10/2003, Polskie Radio
Беларусь патрабуе ад Польшчы выдачы бізнэсмэнаў, якія падтрымлівалі беларускую апазыцыю. Уладальнікаў найбольшай сеткі супэрмаркетаў “Эўраопт” Уладзіміра Васілько і Сяргея Літвіна, якія больш як два тыдні знаходзяцца ў польскім арышце, афіцыйна падазраюць у эканамічных злачынствах.
Васілько і Літвін заснавалі ў Менску сетку супэрмаркетаў і гуртовых складоў прадуктаў харчаваньня. Фірма працаўладкоўвае звыш тысячы асобаў. Апрача эканамічнай дзейнасьці, бізнэсмэны фінансава падтрымлівалі апазыцыйных дэпутатаў у беларускі парлямэнт, якія балатаваліся як незалежныя кандыдаты, а пазьней заснавалі фракцыю ”Рэспубліка”, якая крытычна ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі.
Ад пачатку 2003 году ў фірме пачаліся інтэнсіўныя кантролі. У верасьні бізнэсмэны пераехалі ў Варшаву, куды яны хацелі перанесьці таксама сваю эканамічную дзейнасьць. Ужо ў Польшчы, за пасрэдніцтвам беларускай амбасады, з уладальнікамі “Эўраопту” скантактаваліся прадстаўнікі беларускага Міністэрства ўнутраных справаў. Чыноўнікі патрабавалі паясьненьня некалькіх пытаньняў. Праз тры дні, 10 кастрычніка, абодва бізнэсмэны былі арыштаваныя.
Адвакат беларусаў абскардзіў рашэньне аб часовым арышце кліентаў. Апэляцыйны суд у Варшаве зоймецца згаданым пытаньнем у бліжэйшы аўторак.
Да гэтай пары польскія суды не згаджаліся на выдачу беларускіх апазыцыянэраў ці бізнэсоўцаў - прыхільнікаў апазыцыйных арганізацыяў, сьцьвярджаючы, што выдача немагчымая з прычыны палітычных рэпрэсіяў, наяўных у Беларусі.
Беларускія ўлады патрабавалі выдачы каля 10 апазыцыйных дзеячоў і бізнэсмэнаў, пабываючых у Польшчы. Большасьць зь іх атрымала ў Польшчы палітычны прытулак.