Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Працягваецца канфлікт паміж Ягорам Рыбаковым і «Народнай Воляй» 14:31, 28/10/2003, Радыё Свабода
Пракуратура Ленінскага раёну Менску апратэставала рашэньне раённага суду, які пастанавіў спагнаць з рэдакцыі "Народнай волі" на карысьць кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за абразу гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі. Ягор Рыбакоў і "Народная воля" ў сваю чаргу гэтаксама абскардзілі рашэньне суду.
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў не задаволены прызначаным судом памерам кампэнсацыі, і па-ранейшаму патрабуе, каб рэдакцыя газэты выплаціла яму 200 мільёнаў рублёў (гэта каля 100 тысяч даляраў). Месяц таму суд Ленінскага раёну Менску прызнаў несапраўднымі зьвесткі, што былі надрукаваныя ў "Народнай волі" ў кастрычніку 2001 году ў артыкуле Марыны Коктыш, у якім Элеанора Язерская крытычна выказвалася пра дзейнасьць Ягора Рыбакова.
Суд прысудзіў спагнаць з газэты 10 мільёнаў рублёў, а з Марыны Коктыш і Элеаноры Язерскай - 1 мільён рублёў з кожнай.
У судовую калегію ў грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду паступіў таксама касацыйны пратэст з пракуратуры Ленінскага раёну за подпісам пракурора раёну Аляксея Стука. У пратэсьце адзначаецца, што суд парушыў права адказьнікаў на юрыдычную дапамогу. Пракурор піша, што памер кампэнсацыі, якую вызначыў суд, не адпавядае маральным пакутам пазоўніка з улікам часу, які мінуў пасьля публікацыі. Пракуратура называе рашэньне суду незаконным і патрабуе адмяніць яго.
Як паведаміў для Радыё Свабода галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч, рэдакцыя "Народнай Волі", журналістка Марына Коктыш і Элеанора Язерская таксама зьвярнуліся з касацыйнай скаргай у гарадзкі суд.
Як адзначыў для Радыё Свабода кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў, рашэньне Менскага гарадзкога суду ў гэтай справе, верагодна, будзе вынесенае празь месяц. Паводле яго, судовая практыка сьведчыць пра тое, што сумы матэрыяльных патрабаваньняў звычайна не павялічваюцца, але часьцей за ўсё застаюцца такімі, як і былі.
Канфлікт паміж Ягорам Рыбаковым і рэдакцыяй "Народнай волі" меў і іншыя наступствы. Надоечы журналістка Марына Коктыш узяла інтэрвію ў тэлевядучай Тамары Лісіцкай, але потым прэсавая служба БТ забараніла друкаваць яго.
"Мы зь ёй размаўлялі не пра палітыку і не пра тэлебачаньне. Я яе запрасіла ў рубрыку "За кубачкам кавы" як вядучую "Альфа-радыё". Зь нядаўняга часу ў Белтэлерадыёкампаніі былі ўведзеныя новыя парадкі. Перш чым даць згоду на інтэрвію, любы супрацоўнік павінен атрымаць дазвол менавіта ў Рыбакова. Прэсавая сакратарка спачатку дазволіла інтэрвію, калі даведалася, што мы ня будзем размаўляць пра палітыку, але потым, калі інтэрвію ўжо адбылося, яна забараніла, каб яно выйшла ў сьвет".
Паводле Марыны Коктыш, за апошні час "Народнай волі" таксама адмовілі ў інтэрвію супарцоўнікі БТ Алена Спірыдовіч і Кірыл Слука.