Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
І.Сурвілла: «Расея заўсёды будзе рабіць толькі тое, што ў яе нацыянальных інтарэсах» 11:02, 28/10/2003
У мінулыя выходныя ў Нью-Ёрку адбылася 24-я сэсыя Рады БНР, якая выпрацавала плян дзейнасьці Рады на бліжэйшы час і пераабрала сваё кіраўніцтва. Старшынёй Рады БНР ізноў абраная Івонка Сурвілла. Сення яна адказвае на пытанні Радыё Свабода.
-- Перад усім хачу сказаць, што асабіста я вельмі ўдзячная сябрам Рады, што мне зноў выказалі давер, абраўшы мяне старшынёй Рады БНР. Таксама былі пераабраныя ўсе сябры Прэзыдыюму. Будзем старацца прадаўжаць працу за лепшую долю нашага народу. І я моцна перакананая, як і ўсе сябры Рады, што толькі ў сваёй вольнай і поўнасьцю незалежнай дзяржаве народ наш зажыве нарэшце нармальна, як і кожны іншы народ Эўропы. Усе мы безумоўна ўважаем, што месца беларускага народу – у Эўропе.
-- На чым яшчэ была засяроджаная ўвага сэсіі Рады БНР апрача выбараў?”
-- Апрача выбараў і бягучых адміністрацыйных справаў, якія былі вырашаныя, Рада абмеркавала палітычную сытуацыю ў Беларусі, а менавіта напад на беларушчыну, які мы бачым апошнім часам. Рэзалюцыя, якую прыняла Рада БНР у форме звароту да беларускага народу, заклікае беларускі народ у Беларусі і на чужыне захоўваць свае нацыянальныя каштоўнасьці і сваю нацыянальную культуру, каб магчы быць паўнавартасным сябрам сям`і народаў сьвету.
Безумоўна, Беларускі гуманітарны ліцэй быў таксама на парадку дня сэсіі. Сябры выказалі сваю гатоўнасьць памагчы ў крызыснай сытуацыі.
-- Спадарыня Сурвіла, вы выказалі надзею, што беларускі народ атрымае сваё месца ў сям`і эўрапейскіх народаў. У зьвязку з гэтым як вы ставіцеся да спадзяваньняў, якія выказваюцца часам на Захадзе, што дэмакратызацыя Беларусі можа адбыцца праз уплыў з боку Расеі?
-- У 2002 годзе ў сваёй дэклярацыі на тэлебачаньні 17 жніўня расейскі прэзыдэнт выразна і ясна заявіў, што пажаданае для яго рашэньне "беларускага пытаньня" - гэта ўключэньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. З таго часу расейскім бокам робяцца спробы прысьпешыць вось такую інтэграцыю Беларусі менавіта ў галіне эканомікі. Намаганьні ўвесьці супольны (а цяпер расейскі) рубель для абедзьвюх краінаў зьяўляецца крокам у гэтым кірунку. Расея заўсёды будзе рабіць толькі тое, што ёсьць у яе нацыянальных інтарэсах. Ня нашых. І Рада робіць усё магчымае, каб гэта ведаў і Захад.