Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ута Цапф занепакоеная ўціскам на няўрадавыя арганізацыі Беларусі 11:01, 31/10/2003
У Менск з трохдзённым візытам прыбыла кіраўніца рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ дэпутат Бундэстагу Ута Цапф. Яна сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў, апазыцыйных партыяў, недзяржаўных арганізацыяў, а таксама са сваякамі зьніклых беларускіх палітыкаў, паведамляе Радыё Свабода.
Гэта трэці візыт прадстаўніцы ПА АБСЭ Уты Цапф у Беларусь сёлета, што, на думку кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску Эбэргарда Гайкена, сьведчыць пра “зацікаўленасьць арганізацыі ў разьвіцьці адносінаў зь Беларусьсю з мэтай забесьпячэньня выкананьня ёю абавязкаў у рамках АБСЭ”.
Гэтым разам спадарыня Цапф прыбыла адна. Яна не плянавала сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, затое мяркуе сустрэцца з кіраўніком ягонай адміністрацыі Ўралам Латыпавым, віцэ-сьпікерам “палаты прадстаўнікоў” Уладзімерам Канаплёвым, міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, міністрамі інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам і юстыцыі — Віктарам Галаванавым.
У нацыянальным аэрапорце “Менск” спадарыня Цапф паведаміла, што будзе зьвяртацца з просьбай аб сустрэчы з А.Лукашэнка наступны раз, калі ў Менск прыбудзе ўся рабочая група ПА АБСЭ па Беларусі.
Спадарыня Цапф асабіста спрыяла сёлетняму аднаўленьню паўнамоцтваў “нацыянальнага сходу” Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Вось што адказала спадарыня Цапф на пытаньне, ці прынесла гэтае рашэньне нейкія пазытыўныя зьмены ў сытуацыю з выкананьнем Беларусьсю яе абавязкаў у галіне правоў чалавека і дэмакратыі:
“Я спадзяюся, што падчас маіх сустрэчаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі змагу даведацца пра нейкі прагрэс, але апошнія некалькі месяцаў паказалі поўную адсутнасьць такога прагрэсу. Наадварот, закрываюцца недзяржаўныя арганізацыі й газэты. Такім чынам, няма ніякага прагрэсу, і я шкадую аб гэтым ды мяркую па магчымасьці гаварыць пра гэта тут”.
Спадарыня Цапф у якасьці нэгатыўнага прыкладу нагадала выпадак з закрыцьцём Вярхоўным судом праваабарончага цэнтру “Вясна” ды праблемы ўсіх іншых недзяржаўных арганізацыяў, якім таксама пагражае ліквідацыя. З прадстаўнікамі гэтых арганізацыяў Ута Цапф мяркуе сустрэцца асобна.