Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Віцебску арыштавалі актывістаў КХП БНФ 11:01, 04/11/2003
2 лістапада ў Віцебску супрацоўнікі міліцыі затрымалі семь актывістаў КХП БНФ - Уладзімера Плешчанку, Аляксандра Салаўяна, Алеся Пазьняка, Яна Дзяржаўцава, Алега Емельянава, Ігара Мацьвеева ды Тамару Мамчыц. Яны несьлі па горадзе самаробны крыж, каб усталяваць яго ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсыяў, растраляных на Ўсьпенскай горцы.
Да гэтага часу сябры КХП БНФ пасьпелі ўсталяваць яшчэ два крыжы ў месцах масавых растрэлаў, але “клопатам” невядомых людзей у цывільным крыжам давялося прастаяць ня больш за дзьве гадзіны: перакосіны ў крыжоў разам з памятнымі шыльдачкамі былі адламаныя, а кветкі ды сьвечкі пад імі зьнішчаныя.
Як паведамляе Радыё Свабода, судовы працэс над сябрамі КХП БНФ распачаўся 3 лістапада. Чацьвёра затрыманых зьявіліся ў суд паводле атрыманых 2 лістапада позваў, а трох (Аляксандра Салаўяна, Ігара Мацьвеева ды Алеся Пазьняка) прывезьлі з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе яны мусілі правесьці мінулую ноч.
Першае, што зрабіла на пачатку паседжаньня судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Марына Марозава, забараніла прысутнічаць на судовым пасяджэньні журналістам. Такім чынам, судовы працэс над сябрамі КХП БНФ стаў закрытым.
Паводле міліцэйскіх пратаколаў, сямёра затрыманых ёсьць парушальнікамі закону пра правядзеньне вулічных акцыяў. Затрыманьне праводзіў начальнік Кастрычніцкага райаддзелу Андрэй Пракаповіч. Спадароў Салаўяна ды Плешчанку, якія несьлі крыж, ён затрымаў першымі. Па астатніх былі выкліканыя яшчэ дзьве службовыя машыны. Тамару Мамчыц ды Яна Дзяржаўцава з пастарунку адпусьцілі празь дзьве гадзіны, іншых міліцыянты вырашылі з-пад варты да суду не адпускаць.
Аднак у ізалятары часовага ўтрыманьня спадары Плешчанка ды Емельянаў запатрабавалі мэдычнае дапамогі, і пасьля таго, як дактары 3-га гарадзкога шпіталю засьведчылі ў абодвух абвастрэньне хваробаў сэрца, міліцыянты мусілі адпусьціць і іх.
Судзьдзя Марына Марозава пасьпела 3 лістапада пачаць разгляд усяго дзьвюх судовых справаў — справаў Уладзімера Плешчанкі ды Аляксандра Салаўяна. Разьбіральніцтва цягнулася амаль дзьве гадзіны, і ўрэшце судзьдзя загадала выклікаць дадатковых сьведкаў. Таму далейшы разгляд гэтых справаў перанесены на 17 лістапада. Астатнія пяцёра затрыманых мусяць зьявіцца ў суд 11 лістапада, іхныя справы перададзены судзьдзі спадарыні Зубрыцкай.
Крыж, які сябры КХП БНФ зьбіраліся ўсталяваць на Ўсьпенскай горцы, будзе ў часе гэтых судоў галоўным рэчавым доказам адміністрацыйнага правапарушэньня.