Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Белаазёрску дэмакратычным дэпутатам не далі правесьці сэсію гарсавету 11:07, 05/11/2003
Прызначанае на 4 лістапада паседжаньне сэсіі адзінага ў Беларусі гораду, дзе большасьць складаюць дэмакратычна настроеныя дэпутаты, не адбылося. Хаця згодна з дзейным заканадаўствам дэпутаты своечасова запатрабавалі правесьці сэсію, іхныя намаганьні былі беспасьпяховымі.
Намесьнік старшыні Белаазёрскага гарсавету, сябра БНФ “Адраджэньне” Юрась Губарэвіч упэўнены, што прызначэньне сэсіі на 4 лістапада цалкам адпавядае закону аб мясцовым самакіраваньні:
“На мінулай сэсіі, якая адбылася на прыканцы верасьня, дэпутаты не пасьпелі разгледзіць усе пытаньні. Засталіся тры пытаньні і было прынятае рашэньне вярнуцца да іх разгляду праз два тыдні, нейкім чынам іх дапрацаваўшы. Ні праз два тыдні, ні праз месяц нават старшыня савету не стаў склікаць сэсію. Тады дэпутаты вырашылі самастойна ініцыяваць правядзеньне сэсіі, як гэта нам дазваляе закон”, - паведаміў Радыё Свабода Губарэвіч.
Аднак Вячаслаў Дамброўскі, які адначасова зьяўляецца і старшынём выканкаму, патрабаваньне дэпутатаў праігнараваў.
Некаторыя мясцовыя дэпутаты зьвязваюць нежаданьне праводзіць сэсію з тым, што 23 лістапада ў горадзе пройдуць давыбары дэпутатаў. Пакуль у гарсавеце абрана толькі 13 дэпутатаў з 25. Кожная сэсія, разважаюць мясцовыя дэмакраты, гэта плюс для новых дэмакратычных кандыдатаў. Таму ўлады, маўляў, і ня хочуць праводзіць сэсіі.
Між тым, на кандыдатаў з дэмакратычнымі поглядамі, паводле расповеду Юрася Губарэвіча, цяпер учыняецца моцны ціск, каб яны здымалі свае кандыдатуры. І дзьве асобы зь дзесяці ўжо адмовіліся працягваць выбарчую кампанію.