Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Сьветлагорску забаранілі продаж незалежнай газэты 11:23, 05/11/2003
Сьветлагорскае раённае спажывецкае таварыства скасавала дамову на продаж у сваіх крамах недзяржаўнай газэты "Регион-вести". Гэта адбылося пасьля таго, як газэту ўбачыў у вясковай краме старшыня райвыканкаму Баляслаў Пірштук.
Недзяржаўную газэту "Регион-вести" ў вясковых крамах Сьветлагорскага раёну пачалі прадаваць напачатку верасьня. Паводле дамовы рэдакцыі і раённага спажывецкага таварыства завозілі яе прыкладна ў тры дзясяткі крамаў, па сутнасьці ў кожную другую з 60 наяўных. Аднак старшыня спажывецкага таварыства Тамара Кандрашова нечакана адмовілася ад продажу газэты ва ўсіх крамах.
"На самай справе адбылося наступнае. У адну з крамаў вёскі Чыркавічы выпадкова заглянуў старшыня Сьветлагорскага райвыканкаму Баляслаў Пірштук і ўбачыў нашую газэту. Ён быў вельмі раздражнёны, што незалежная газэта прадаецца менавіта ў крамах сельскай мясцовасьці. Дарэчы, гэта была адзіная газэта, якая там прадавалася. Ён тут жа выклікаў да сябе Тамару Кандрашову і загадаў прыбраць газэту з прылаўкаў. Дамову скасавалі ўмомант. Такім чынам мы страцілі ў раёне 600 асобнікаў", - паведаміў Радыё Свабода рэдактар недзяржаўнай газэты "Регион-вести" Мікалай Паседзька.
"Нам забаранілі прадаваць газэту. "Агні камунізму" раілі прадаваць, "Советскую Белоруссию", "Гомельскую праўду". Такія газеты трэба прадаваць, але толькі не "Регион-вести". Сказалі, што гэтая газэта ня падыходзіць для жыхароў раёну", - патлумачыла сытуацыю з продажам газэты "Регион-вести" намесьніца старшыні спажывецкага таварыства ў пытаннях гандлю Раіса Матычка.
Праблемы ў незалежай газэты ўзьніклі апошнім часам ня толькі з продажам у крамах. Яе адмовіліся друкаваць на дзяржаўных паліграфічных прадпрыемствах Сьветлагорску, Рэчыцы, Мазыра, Жлобіну і Бабруйска.