Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандар Бухвостаў: «Барацьба павінна перайсьці ў палітычную сфэру» 10:59, 11/11/2003
Пасьля дзесяцідзённага арышту выйшаў на свабоду старшыня прафсаюзу аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў. Гутарка карэспандэнткі Радыё Свабода Ганны Соусь з Аляксандрам Бухвоставым адбылася ў ягоным кабінэце ў будынку Дому прафсаюзаў.
9 кастрычника закончыліся 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якім прафсаюзнага актывіста пакаралі за правядзеньне 30 кастрычніка пікету ў абарону правоў прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Аляксандар Бухвостаў кажа, што збольшага быў падрыхтаваны да арышту і таму не чакаў, што ў яго будуць добрыя ўмовы ў прыёмніку-разьмеркавальніку.
“Было пяць чалавек у камэры нумар 13. Камэра невялікая і халодная. Агульныя нары, усе разам ляжаць. Але ж турма ёсьць турма. У нашых турмах умовы далёкія ад эўрапейскіх стандартаў. У нас за кратамі ня толькі пазбаўляюць волі, але й ствараюць тысячы сацыяльных і бытавых праблемаў. У асноўным размаўлялі. Там хлопцы маладыя сядзелі, хаця і зь нейкім крымінальным мінулым, але цікавіліся палітыкай, выказвалі незадаволенасьць рэжымам. Газэты чытаў, вялікі дзякуй маім таварышам, што яны мне перадавалі прэсу”.
Дарэчы, час за кратамі пэўным чынам адбіўся нават на лексыцы прафсаюзнага лідэра. Гаворачы пра тое, што трэба рыхтавацца да выбараў і дабівацца адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады, Аляксандар Бухвостаў адзначае наступнае:
“Таму што, калі ён будзе, то прафсаюзам, як кажуць на жаргоне, век свабоды не відаць. Гэта адназначна”.
Аляксандар Бухвостаў гаворыць пра мэтанакіраваны ўціск уладамі незалежнага прафсаюзнага руху:
“Запушчаная машына на ўціск, і яе спыніць вельмі складана. На пленуме савету прафсаюзу чалавек выступае ў маю падтрымку ў часе дыскусіі. Гэта заўважаюць, і чалавека ўжо хочуць звольніць. З гэтым вельмі складана змагацца простымі мэтадамі, як мы раней рабілі — зьвярнуцца, паскардзіцца… Гэтага ніхто не ўспрымае. Барацьба павінна перайсьці ў палітычную сфэру. Мы бачым, што прафсаюзы губляюць магчымасьць уплываць на сацыяльна-эканамічную палітыку. Прафсаюзы, якія ўваходзяць у фэдэрацыю, па вялікім рахунку ўхіляюцца ад барацьбы за паляпшэньне жыцьця працоўных”.
Як зазначыў прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў, для яго найвялікшай каштоўнасьцю ёсьць свабода, і ён заўсёды будзе адстойваць незалежнасьць і самастойнасьць прафсаюзнага руху. Минск, Белоруссия