Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Удзельнікі пікету ў Гомелі атрымалі вялікія штрафы 11:04, 13/11/2003
У Гомелі судзяць арганізатараў грамадзкага галасаваньня, што высьвятлялі стаўленьне гараджанаў да магчымага працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. 12 лістапада Чыгуначны суд Гомелю разглядаў адміністрацыйныя справы сябраў АГП Алеся Карніенкі і Васіля Палякова. Судзьдзя Ганна Новік прысудзіла кожнаму 1 мільён 650 тысячаў рублёў (780 даляраў ЗША) штрафу, паведамляе Радыё Свабода.
7 лістапада на дазволеным гарвыканкамам пікеце яны праводзілі грамадзкае галасаваньне адносна працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Міліцыя затрымала арганізатараў пікету і абвінаваціла іх у парушэньні парадку пікетаваньня.
На судзе капітан міліцыі Юрый Прышчэпа засьведчыў, што скласьці пратаколы на арганізатараў пікету загадаў намеснік начальніка Чыгуначнага райаддзелу ўнутраных справаў Мікалай Сьпірыдовіч. Апошні сапраўды прыяжджаў на пікет з прадстаўніком гарвыканкаму ў разгар галасаваньня. Менавіта пасьля гэтага дазволены гарвыканкамам пікет быў забаронены. Многія гамельчукі, што добраахвотна прыйшлі да Палацу таварыства глухіх, не змаглі выказаць сваё стаўленьне да падоўжаньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. З захаваных пікетоўцамі бюлетэняў стала вядома, што 89,6% гараджанаў прагаласавалі супраць трэцяга тэрміну.
Судзьдзя Ганна Новік, якая ў свой час прымала рашэньне пра канфіскацыю кампутарнай тэхнікі ў грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” і моладзёвага цэнтру “Гарт”, аштрафавала Васіля Палякова і Алеся Карніенку на 1 мільён 650 тысячаў рублёў (780 даляраў ЗША) кожнага.
Як сказана ў судовай пастанове, за тое, што замест пікету быў арганізаваны мітынг. У аснову пастановы пакладзеныя сьведчаньні двух ананімаў, прадстаўленых міліцыяй. Адзін зь іх нібыта жыве ў Магілёўскай вобласьці, другі – у Гомелі, далёка ад месца правядзеньня пікету. Судзьдзя пры гэтым адхіліла хадайніцтва выклікаць у суд невядомых сьведкаў, каб яны пацьвердзілі свае паказаньні.