Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады супраць выдання незалежнага літаратурнага часопіса 13:01, 13/11/2003
Менскія чыноўнікі супраць пашырэньня беларускае літаратуры. Яны не даюць дазволу на працу рэдакцыі створанага яшчэ летась новага незалежнага часопісу "Ток". Цэлы год заснавальнікі новага часопісу чакаюць ад Менгарвыканкаму дазволу на разьмяшчэньне рэдакцыі. Аднак ніякага адказу на свае неаднаразовыя запыты дасюль не атрымалі.
"З 26 лістапада мінулага году Менгарвыканкам ня даў нам ніякага адказу наконт нашай просьбы даць узгадненьне на разьмяшчэньне рэдакцыі. Мы заключылі дамову на арэнду памяшканьня па ўсіх правілах да канца мінулага году. Потым мы пераключылі дамову да канца 2003 году, але сытуацыя па-ранейшаму застаецца на тым жа месцы, што і летась", - паведаміў Радыё Свабода намесьнік галоўнага рэдактара Генадзь Дзьмітрыеў. . Без дазволу гарвыканкамаўскіх чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі не прымае ад рэдакцыі дакумэнтаў на рэгістрацыю новага выданьня. Не выдае яно і ліцэнзіі на права дзейнасьці рэдакцыі. Таму галоўны рэдактар "Току" Сяргей Законьнікаў некалькі разоў пісьмова зьвяртаўся да старшыні выканкаму Міхаіла Паўлава з просьбай патлумачыць прычыну - чаму не выдаюць патрэбнае паперы. Аднак гэтыя звароты таксама засталіся без адказу. Генадзь Дзьмітрыеў прычыну зацятага маўчаньня менскіх чыноўнікаў тлумачыць наступным чынам:
"У мяне такое ўражаньне склалася, што тут на іх падзейнічала менавіта прозьвішча Сяргея Законьнікава. Ён часьцяком выступаў з вострымі артыкуламі ў "Народнай волі", у прысутнасьці Паўлава прамаўляў на адкрыцьці помніка Шаўчэнку, яшчэ недзе на нейкіх імпрэзах… Карацей, прозьвішча ягонае для чыноўнікаў выканкамаўскіх высьвецілася як апазыцыянэра нейкага. Думаю, што менавіта з-за гэтага яны заблякавалі нашае пытаньне".
Часопіс "Ток" быў створаны літаратурна-мастацкім фондам "Гронка" летась пасьля гвалтоўнае зьмены ўладаю галоўных рэдактараў дзяржаўных літаратурных часопісаў. У ягоным рэдакцыйным партфэлі чакаюць выданьня творы тых аўтараў, якія не пагадзіліся з гэтымі зьменамі й перасталі супрацоўнічаць з падцэнзурнымі цяпер дзяржаўнымі часопісамі. Чакаюць і творы зь літаратурнае спадчыны Васіля Быкава.
Тады ж быў створаны яшчэ адзін незалежны беларускі часопіс "Дзеяслоў". Ягоны шлях да чытача склаўся больш пасьпяхова. Ужо выдадзена пяць нумароў. "Дзеяслоў" зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі, і на яго ўжо можна аформіць падпіску на наступны год. Минск, Белоруссия