Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дэпутат Пухавіцкага райсавету Алесь Міхалевіч распавёў журналістам Радыё Свабода пра спробы КГБ схіліць яго да супрацоўніцтва. Паводле Міхалевіча, калі ён адмовіўся, яго пачалі шантажаваць.
Дырэктару прыватнай турыстычнай фірмы Алесю Міхалевічу 28 гадоў. Ён старшыня менскай абласной арганізацыі партыі Беларускага Народнага Фронту. Сёлета Міхалевіч быў абраны дэпутатам Пухавіцкага райсавету менавіта як прадстаўнік Партыі БНФ. Нядаўна яго запрасіў на размову ў кавярню чалавек, які назваўся супрацоўнікам КГБ Сяргеем.
“Спачатку зь ягонага боку былі прапановы. Асноўная прапанова была наступная — паспрыяць у правядзеньні маіх выбараў, бо ён ведае пра мае пляны вылучацца ў Палату прадстаўнікоў. Маўляў, ад майго адказу будзе залежаць іх пазыцыя, дапамогуць яны ці не. А потым пайшлі мяккія пагрозы, маўляў, усе людзі не без грахоў, ва ўсіх ёсьць праблемы”, - паведаміў дэпутат.
Дэпутат адмовіўся ад супрацоўніцтва. Між тым, застаецца пытаньне, ці дапушчальна паводле закону вэрбаваць грамадзянаў, а тым больш дэпутатаў для супрацоўніцтва з КГБ? У самім КГБ на гэтае пытаньне мне не адказалі. Прэсавы сакратар Аляксандар Базанаў заявіў, што калі ў Міхалевіча ёсьць прэтэнзіі да КГБ, хай выкладзе іх у пісьмовай заяве — і яны заяву разгледзяць. Паводле Базанава, за апошні год з такімі заявамі ніхто з палітыкаў не зьвяртаўся.
Дэпутат “палаты прадстаўнікоў” Уладзімер Парфяновіч заявіў Радыё Свабода, што да яго супрацоўнікі КГБ не зьвярталіся з прапановамі аб супрацоўніцтве, але іх увагу ён адчувае ўвесь час. Прыкладам, за ім і ягонымі сваякамі вядзецца сачэньне, якое актывізуецца ў пэрыяды нейкіх палітычных кампаніяў. На якой юрыдычнай падставе за ім сочаць, Парфяновіч ня ведае. Белоруссия