Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія друкарні адмаўляюцца друкаваць газэту “День”, адным з выдаўцоў якой зьяўляецца Мікола Маркевіч — былы галоўны рэдактар закрытай гарадзенскай газэты “Пагоня”.
Улетку выйшаў пачатковы нумар “Дня”, які гарадзенскія журналісты прысьвяцілі памяці Васіля Быкава. 5 лістапада газэта атрымала ў Міністэрстве інфармацыі новае пасьведчаньне, якое, аднак, пакуль не дае рэальнай магчымасьці яе выдаваць.
Галоўным рэдактарам “Дня” па-ранейшаму застаецца менскі журналіст Генадзь Барбарыч, але газэта рыхтуецца на гарадзенскім матэрыяле, і адным зь яе выдаўцоў зьяўляецца Мікола Маркевіч: “Газэту робіць фактычна ў поўным складзе калектыў газэты “Пагоня”. Газэта — гарадзенская зьместам, “пагонеўская” духам, беларуская сваёй сутнасьцю”, - паведаміў Радыё Свабода Мікола Маркевіч.
Паводле М.Маркевіча, асноўнай тэмай нумару была дарагоўля цяперашніх камунальных паслугаў, якую журналісты “Дня” лічаць самай балючай праблемай насельніцтва.
Тым ня менш, у сталічнай друкарні “Сьветач” газэты “День” не надрукавалі. Спаслаліся на тое, што машына зламалася. Хаця са “Сьветачам” была падпісаная дамова і нават пералічаныя грошы за першы нумар. Але яшчэ заставалася надзея. Журналісты мусілі крыху абнавіць нумар і зьвярнуліся ў гарадзенскую абласную друкарню, 25 лістапада і там адмовіліся надрукаваць “День”.
Мікола Маркевіч мае зьвярнуцца з афіцыйным запытам у Міністэрства інфармацыі, каб даведацца, чаму яму перашкаджаюць выдаваць газэту. Ён таксама мяркуе судзіцца з друкарняй “Сьветач”, якая парушыла свае абавязкі, якія прадугледжвае дамова з газэтай “День”.
Гарадзенскую газэту “Пагоня”, якую раней рэдагаваў Мікола Маркевіч, два гады таму закрыў Вышэйшы гаспадарчы суд. Летась галоўнага рэдактара і журналіста Паўла Мажэйку судзілі за паклёп на прэзыдэнта Лукашэнку, журналістаў пакаралі тэрмінамі абмежаваньня свабоды. Пазьней пакараньне зьмякчылі, накіраваўшы на гэтак званыя папраўчыя работы па месцы жыхарства. Для Міколы Маркевіча тэрмін папраўчых работаў скончыцца ў наступным годзе 10 сакавіка. Сёньня ён мае некаторыя абмежаваньні, якія вынікаюць з прысуду, аднак яму не забаронена займаць пасады, у тым ліку і займацца выданьнем газэты. Минск, Белоруссия