Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Новая газэта Смаргоні» прайграла рэжыму 10:59, 03/12/2003
Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі не задаволіў зыск “Новой газеты Сморгони” да Міністэрства інфармацыі аб адмене загаду аб прыпыненьні выхаду выданьня на тэрмін тры месяцы. Загад за подпісам міністра Русакевіча зьявіўся 2 лістапада. Выдавец газэты Рамуальд Улан і рэдакцыя мяркуюць, што пасьля аднаўленьня выхаду газэты 2 студзеня 2004 году Міністэрства інфармацыі зноў можа прыпыніць яе выхад, што аўтаматычна пацягне перарэгістрацыю выданьня, якую яно наўрад ці пройдзе. Таму, паведамляе Радыё Рацыя, аўторкавае рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду будзе абскарджанае ў парадку нагляду.
Працэс па разгляду зыску заснавальніка “Новой газеты Сморгони” Рамуальда Ўлана й рэдактаркі Вольгі Куняўскай вёў судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Аркадзь Сусло. Нагадаю, што міністар інфармацыі Русакевіч 2 лістапада выдаў загад аб прыпыненьні выхаду гэтага недзяржаўнага выданьня на тры месяцы. Прычына – тое, што заснавальнік газэты Рамуальд Улан перадаваў функцыі рэдакцыі газэты іншым рэдакцыям, іншым выдаўцам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам. Міністэрства інфармацыі зрабіла выснову, што гэта супярэчыць артыкулу 20 Закону аб друку й іншых сродках масавай інфармацыі: маўляў, рэдакцыяй друкаванага сродку масавай інфармацыі можа быць толькі юрыдычная асоба. Інтарэсы выданьня ў судзе прадстаўляў юрыст цэнтру прававой дапамогі СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў, намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
Паводле ягоных словаў, рашэньне судзьдзі Сусло не сталася для яго нечаканасьцю:
- Што датычыць самога рашэньня, яно не было для мяне нейкім нечаканым. Я думаю, што гэтае рашэньне вельмі спрэчнае. Мы зараз пачакаем матывіравальнай часткі й будзем рыхтаваць скаргу ў парадку нагляду.
Паводле словаў Андрэя Бастунца, цяпер Рамуальду Ўлану давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў, каб працягваць выдаваць «Новую газету Сморгони»:
- Калі суд стаў на бок Міністэрства інфармацыі й вырашыў, што рэдакцыяй сродку масавай інфармацыі індывідуальны прадпрымальнік можа быць толькі ў адным выпадку, калі ён зьяўляецца заснавальнікам гэтага сродку масавай інфармацыі, то ў Рамуальда Ўлана ня будзе магчымасьці працягваць выдаваць гэты сродак масавай інфармацыі па дамове з іншымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі. А калі гэта здарыцца, то Міністэрства інфармацыі атрымае поўную магчымасьць ануляваць пасьведчаньне аб рэгістрацыі «Новой газеты Сморгони». Таму застаецца толькі шукаць юрыдычную асобу, якая будзе гэтую дзейнасьць ажыцьцяўляць.
Тым часам, смаргонскія выканаўчыя ўлады не даюць магчымасьці Рамуальду Ўлану зарэгістраваць новыя выданьні. Паводле словаў Андрэя Бастунца, гэтая сытуацыя характэрная ня толькі для названага раёну.
- Нажаль, гэта ня толькі смаргонскіх уладаў датычыцца. У мяне вельмі кепскае стаўленьне да такіх дзеяньняў, нават і сорамна, і прыкра, што мясцовыя ўлады замест таго, каб займацца сваімі справамі, займаюць такую пазыцыю, якая адмаўляе і Канстытуцыю, і міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь, і самае галоўнае, што гэтую пазыцыю ня могуць скарэктаваць суды.
Рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі наблізіла яшчэ адное незалежнае выданьне да скону. Застаецца апошняе спадзяваньне на станоўчы для выданьня разгляд скаргі на рашэньне суду ў парадку нагляду. Белоруссия