|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Што ўбачаць турысты ў прэзыдэнцкіх мясьцінах? 10:57, 05/12/2003
Вёска Княжыцы знаходзіцца на тэрыторыі сельскай гаспадаркі “Гарадзец”. Мясцовыя пэнсіянэркі скептычна паставіліся да ідэі прывозіць да іх экскурсіі: “Ой, няхай ня едуць, не пазораць ужо гэтага Лукашэнку. Адзін тут сарай ён паставіў, дзе гэтыя каровы, ды і ўсё”. Людзі скардзяцца, што ў “Гарадцы” плацяць некалькі дзясяткаў тысяч рублёў ды яшчэ з затрымкамі, ад таго і жывуць яны дрэнна. Вяскоўцы разважаюць, што ж яны могуць паказаць турыстам: “Развал прэзыдэнцкага калгасу? Умовы, у якіх калгасьнікі жывуць і працуюць? А-а, існуем, а не жывем”. Жанчыны гавораць, што галасавалі на выбарах за Лукашэнку, аднак лічаць, што ганарыцца “Гарадцом” яму не выпадае. “Наколькі мы ведаем, як ён тут сябе паводзіў, як рабочыя страйкі рабілі, то чым можна хваліцца?” З магчымых турыстычных месцаў вяскоўцы называюць толькі крыніцу ў Княжыцах і новую школу ў Гарадцы: “Глядзець, уласна кажучы, няма чаго. Ну так толькі, месцы баявой славы — гэта пра прэзыдэнта. Тут ён сядзеў. Тут працаваў, тут кіраваў. Выбары ж хутка, таму ўсё правільна”. Тым ня менш, у Гарадцы лічаць, што турысты пойдуць ім на карысьць. Маўляў, у краме пашыраць асартымэнт, пафарбуюць і прыбяруць. “Вунь я ўжо гляджу, у камбайнах колы белыя сталі. Лоск нейкі наводзяць у меру сілаў. Зьнешні выгляд. А як атрымлівалі людзі капейкі, так і будуць”. У самім Шклове турыстам могуць запрапанаваць шмат месцаў для наведваньня. Суразмоўцы называюць комплекс для адпачынку на Лысай гары, школу ў будынку былой Ратушы, царкву, парк. Шклоўцы лічаць, што горад атрымае і матэрыяльныя выгады ад турыстаў. Бо тут шмат крамаў, гавораць яны, а вось грошай у людзей мала. Дарэчы, крама — гэта першае, што прапануюць наведаць у вёсцы Рыжкавічы. Прыгарадныя Рыжкавічы, лічаць тутэйшыя, зьмяніліся ў горшы бок з таго часу, калі тут жыў Лукашэнка. Старыя паміраюць, іх дамы выкарыстоўваюцца як лецішчы альбо стаяць пустыя. “Бессэнсоўна, турыстам глядзець няма чаго, адныя разваліны, сьметнікі. А што мясцовыя жыхары? Яны ўсе зачыненыя. Больш сядзяць у хатах. Раней тут моладзь гуляла, весяліліся, а цяпер — не”. У бабулі Ніны хата заўсёды зачыненая, яна баіцца злодзеяў, аднак гатовая прыняць турыстаў. Старая гаворыць, што хоча паказаць, як добра цяпер жывуць людзі ў параўнаньні з ваеннымі часінамі, якія яна перажыла. “Ну, канечне, у мяне там мэблі няма, а так усё чыста, акуратна, паклеена што трэба. Сабакі два, пяць курэй ёсьць. Мне добра, я скажу”. У Рыжкавічах мяркуюць, што турысты захочуць паглядзець на дом Галіны Лукашэнкі. “Во дом Галіны Радзівонаўны. Што ён, дом? Ахоўваецца, стаіць на рагу. Стаіць міліцыя. Пабудавалі сабе, ды і ўсё. Добрага тут нічога няма”. Дарэчы, тактоўнасьць у дачыненьні да асобаў, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі, вылучылі б умовай для правядзеньня экскурсіяў шклоўскія улады. Аднак, паводле зьвестак з раённага савету дэпутатаў, прадстаўніцтвы “Белінтурысту” афіцыйна не зьвярталіся да мясцовых уладаў, і пагадненьні аб турызьме тут не падпісвалі. Хаця ў Шклове запэўніваюць, што будуць радыя бачыць турыстаў у сваім горадзе. Белоруссия
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|