Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рост камунальных плацяжоў не абмежаваны? 11:36, 16/12/2003
Гэта выцякае зь бюджэту краіны, які быў прыняты ўвечары 15 сьнежня “палатай прадстаўнікоў” у другім чытаньні. Дакумэнт зазначае, што ў наступным годзе пакрыцьцё жыльлёва-камунальных паслугаў для насельніцтва будзе складаць ня менш як 60% ад выдаткаў на выпрацоўку такіх паслугаў, паведамляе Радыё Свабода.
“Дэпутаты” Ўладзімер Навасяд і Ўладзімер Парфяновіч пасьля першага чытаньня праекту бюджэту прапанавалі кароткую папраўку: замест “ня менш 60%” упісаць у бюджэт “ня больш 60%”. Такая фармулёўка ўсталёўвала бы верхнюю мяжу для насельніцтва, якая, дарэчы, адпавядае норме, закладзенай у бюджэт 2003 году. Гэтую папраўку разам яшчэ з дваццацю іншымі накіравалі для ўзгадненьня кіраўніку беларускай дзяржавы. Але, як паведаміў пры разглядзе бюджэту ў другім чытаньні старшыня профільнай камісіі “палаты” Сяргей Кісялёў, Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся толькі зь пяцьцю прапановамі. Папраўка Навасяда-Парфяновіча ў іх лік не патрапіла. Вось чаму верхняй мяжы фактычна няма.
Праўда, у бюджэце таксама запісана, што дзяржава будзе фінансаваць да 25% агульнай сумы выдаткаў. Але “да 25%” таксама лічба недакладная. Гэта можа быць і сапраўды 25%, а можа — 2–3%. Вось такі “гумавы” атрымаўся дакумэнт. Ёсьць у бюджэце яшчэ спасылка на ўласныя прыбыткі прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, але такіх прыбыткаў амаль ніхто ня мае. Мабыць, таму з афіцыйных асобаў ніхто так і ня ўзяўся дакладна адказаць на пытаньне, колькі ж грошай будуць плаціць звычайныя спажыўцы за ваду, каналізацыю, сьвятло, газ ды іншыя паслугі.
Уладзімер Парфяновіч хацеў даказаць недарэчнасьць такога падыходу. Але з гэтага нічога не атрымалася, паколькі большасьць “дэпутатаў” вырашыла галасаваць за бюджэт безь ягонага абмеркаваньня, адразу пасьля выступу спадара Кісялёва.
Незалежны экспэрт — кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназуе, што такі падыход выкліча рост цэнаў на жыльлёва-камунальныя паслугі:
“Такім чынам, аплата сярэдняй кватэры будзе каштаваць 50–60 даляраў. Гэта значная сума. Адпаведны ўзрост заробкаў і пэнсіяў не прадугледжаны. Думаю, гэтае падвышэньне адбываецца па-за кантэкстам перагляду тарыфаў. Гэта давядзе ўзровень аплаты жыльлёва-камунальных паслугаў насельніцтву да 25–30% для сярэдняй сям’і. А для пэнсіянэраў гэта лічба можа дасягнуць да 50%”.
Дэпутаты “палаты” прынялі бюджэт на 2004 год з дэфіцытам на 690 мільярдаў беларускіх рублёў. Для таго, каб новы бюджэт стаў законам, яго мусіць яшчэ ўхваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Минск, Белоруссия