Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Узровень спажываньня алькаголю на Беларусі ў 4,5 разы перавышае нарматывы, якія прызнаныя Усясьветнай арганізацыяй аховы здароўя гранічнымі для чалавека. Тым ня менш, штогод спажываньне алькаголю на Беларусі павялічваецца й можа прывесьці да катастрафічных наступстваў у сфэры эканомікі, дэмаграфіі ды маральнасьці – папярэджваюць беларускія мэдыкі.
Ніводнае сьвята, а тым больш такія вялікія як Каляды й Новы год, не абыходзіцца без сьвяточнага стала з алькагольнымі напоямі. Культура спажываньня алькаголю пераважнай доляй беларусаў застаецца нізкай, затое велічыня спажытага – высокай, нават празьмерна. 2003 годзе беларускі гандаль зрабіў людзям чарговы падарунак: зьменшыў гандлёвыя надбаўкі на беларускія прадукты харчаваньня з 30% да 20%. Таксама патаньнелі й алькагольныя напоі. Хіба й іх спажываюць мала? Наадварот: гэта засьведчылі апошнія дасьледваньні, якія паказалі, што на кожнага беларуса – ад немаўляці да старога – прыпадае штогод больш за 9 літраў абсалютнага алькаголю. Калі перавесьці гэты алькаголь на больш зразумелыя бутэлькі гарэлкі, то атрымаецца, што сяэднестатыстычны беларус выпівае за год прыкладна 45 бутэлек гарэлкі. Зразумела, што калі з усёй арміі пітушчых выключыць старых, малых ды прынцыповых цьвярознікаў, то на астатніх прыпадае больш як па адной бутэльцы гарэкі штотыдзень. Паводле мэтодыцы Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, небясьпечным лічыцца ўзровень 2 літраў абсалютнага алькаголю на чалавека.
Узровень спажытага алькаголю сёлета перавысіў узровень 1984 году, калі беларусы выпілі 8,4 літры. Заўважым, што гэта быў час антыалькагольнай кампаніі, продажу гарэлкі па талёнах, калі квітнела самагонаварэньне й г.д. У 2003 ніхто з гарэлкай не змагаецца, яе можна набыць у любой харчовай краме па досыць танных коштах. Чаму тады менавіта цяпер беларусы ўстанавілі рэкорд па спажываньню алькаголю?
Найхутчэй прычына палягае ў тым, што ў пераважнай масе людзей адсутнічае стымул для руху наперад, бо як ні рухайся – ніякіх вынікаў няма. Звычайны чалавек плёнам сваёй працы ня можа пабудаваць кватэру, прыстойна харчавацца ды навучаць сваіх дзяцей на платным аддзяленьні ВНУ. А калі гэта вясковец – то й больш простыя рэчы для яго сталі сёньня недасягальныя. А гарэлка ці таннае пладовае віно ў краме ёсьць заўсёды, прычым, каштуе ў пяць разоў менш, чым кіляграм звычайнай варанай каўбасы.
Нельга сказаць, што дзяржава ня бачыць праблемаў, якія нясе п’янства: у 2000 годзе прынятая Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеяньняў па папярэджаньню п’янства й алькагалізму. За час яе дзеяньня на Беларусі колькасьць вырабленай гарэлкі зьменшылася на 27%, а вытворчасьць вінаградных вінаў вырасла на 70%. Аднак адмыслоўцы заўважаюць, што адначасова больш піць пачалі жанчыны й падлеткі. Асабліва трывожнае становішча назіраецца ў сельскай мсяцовасьці, дзе ніхто ня ўлічвае колькасьці вырабленага ў хатніх умовах алькаголю.
Калі раней ў прыёмныя пакоі лякарняў з дыягназам “алькагольнае атручаньне” патраплялі за год 60 тысяч чалавек, то сёлета – 104 тысячы. Сёлета на Беларусі была адноўленая сістэма медвыцьвярэзьнікаў, бо лякарні ня ў стане былі выконваць свае традыцыйныя функцыі ды адначасова дапамагаць тым, каго міліцыя даставіла ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Як адзначыў галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Уладзімер Максімчук, па маштабах свайго распаўсюду, велічыні эканамічных, экалягічных і дэмаграфічных стратаў, алькагалізм нясе сур’ёзную пагрозу стабільнасьці ды разьвіцьцю грамадзтва. Аднак грамадзтва на Беларусі пазбаўленае ўплыву на дзяржаўную палітыку, а дзяржаве, выгандна вырабляць ды прадаваць больш гарэлкі, паколькі не ў малой ступені бюджэт складаецца з акцызаў на алькаголь. Такім чынам, з аднога боку дзяржава заахвочвае барацьбу з п’янствам, з іншага – мацнее ад акцызаў на алькаголь. Белоруссия