Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗУБРУ - ТРЫ ГАДЫ 15:44, 14/01/2004, Прэс-цэнтр руху ЗУБР
Сёння споўнілася тры гады руху супраціву ЗУБР -- буйнейшай маладзёвай арганізацыі Беларусі. Актывісты руху адзначылі гэтую гадавіну акцыямі. Напярэдадні 14 студзеня некалькі нацыянальных сцягоў былі вывешаныя ў розных раёнах Менска. Бел-чырвона-белыя сцягі з`явіліся над вуліцамі і будынкамі Серабранкі (праспект Ракасоўскага) і Малінаўкі (вуліца Слабодская), а таксама - у цэнтры горада, у раёне чыгуначнага вакзала.
Гісторыя ЗУБРа пачалася 14 студзеня 2001 года, калі 40 маладых людзей сабраліся ў Белавескай пушчы, каб стварыць новы рух. Рух людзей, якія больш не жадаюць трываць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Рух людзей, якія жадаюць жыць у незалежнай, моцнай і вольнай Беларусі.
ЗУБР першы выйшаў на вуліцы з партрэтамі зніклых палітыкаў і журналістаў і спытаўся ў уладаў: “Дзе Захаранка?”, “Дзе Ганчар?”, “Дзе Завадскі?”, “Дзе Красоўскі?”. Графіці ЗУБРа з гэтымі пытаннямі з’явіліся амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі. За тры гады сваёй дзейнасці ЗУБР правеў тысячы акцый пратэсту – пікетаў, перфомансаў, маршаў, мітынгаў, канцэртаў. Актывістамі руху былі распаўсюджаны мільёны экзэпляраў незалежных газэтаў, лістовак і налепак. Сотні “зуброў” былі рэпрэсаваны: супраць іх распачыналіся крымінальныя справы за абразу Лукашэнкі і нанясенне графіці, іх затрымоўвалі і саджалі ў турмы, каралі штрафамі і запалохвалі. Такім чынам КДБ быў даведзены да самагубства актывіст гомельскай філіі ЗУБРа Андрэй Зайцаў. Аднак гэта не запалохала беларускіх змагароў. За тры гады ЗУБР пасталеў і набраўся моцы і будзе працягваць змаганне за вызваленне Беларусі.