Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жодзінскім экс-кандыдатам у дэпутаты адмовілі ў скарзе на старшыню ЦВК 09:57, 26/01/2004
23 студзеня суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў скаргі лідэра жодзінскай філіі Партыі БНФ Аляксея Лапіцкага і каардынатаркі праваабарончага цэнтру “Вясна” Сьвятланы Лапіцкай на дзеяньні старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай у часе леташніх мясцовых выбараў.
Суд прызнаў скаргу жодзінскіх экс-кандыдатаў неабгрунтаванай. Судзьдзя Сяргей Нікалаеў матываваў рашэньне наступным чынам:
“Судом пры разглядзе справы ня выяўлена парушэньняў закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзянаў” службовымі асобамі Цэнтральнай выбарчай камісіі, у тым ліку і старшынёй гэтай камісіі. І гэта стала падставай для адмовы ў пазове. А паколькі ня выяўлена парушэньняў, то і падставаў для кампэнсацыі маральнай шкоды няма”.
Суд таксама адмовіўся разглядаць скаргу на Лідзію Ярмошыну, паводле якой кіраўніца Цэнтарвыбаркаму мусіла вярнуцца да перагляду вынікаў леташніх выбараў у мясцовыя саветы ў шэрагу жодзінскіх акругаў. Як зазначыў спадар Нікалаеў, суд не ўпаўнаважаны прымаць рашэньняў на гэты конт. Паводле Аляксея і Сьвятланы Лапіцкіх, задавальненьне судом іхнай скаргі магло станоўча паўплываць на атмасфэру восеньскіх парлямэнцкіх выбараў. Аляксей Лапіцкі лічыць вынікі судовага разгляду скаргі на Ярмошыну палітычна матываванымі:
“Нягледзячы на нашыя пратэсты, хадайніцтвы аб прысутнасьці сьведкаў, было бачна, што ў суду ўжо ёсць канкрэтнае рашэньне. Сыстэма абараняе карпаратыўна сваіх чыноўнікаў. Я хацеў бы сказаць, што на гэтым рашэньні суду справа ня скончыцца. Мы будзем зьвяртацца вышэй. Дойдзем да вышэйшага суду і будзем зьвяртацца нават у міжнародныя структуры. Тыя асобы, якія рабілі злачынныя дзеяньні фальсыфікацыі галасоў выбарнікаў, будуць пакараныя”, -- паведаміў Аляксей Лапіцкі Радыё Свабода. Белоруссия