Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасадзе ЗША ў Менску пагражалі выбухам 11:16, 27/01/2004
У ноч зь 25 на 26 студзеня невядомы пагражаў ажыцьцявіць выбух у будынку амбасады ЗША на вуліцы Старавіленскай. Гэта першы выпадак тэлефоннага тэрарызму супраць амэрыканскай амбасады ў Беларусі пасьля 11 верасьня 2001 году, калі адбыліся жахлівыя тэракты ў ЗША. Менская міліцыя шукае аўтара пагрозаў, але пакуль безвынікова.
Усе амэрыканскія амбасады ў сьвеце маюць асаблівы рэжым аховы, які стаў яшчэ больш жорсткім пасьля 11 верасьня 2001 году. У Менску амбасада ЗША таксама паклапацілася пра сваю бясьпеку, але ніякіх надзвычайных выпадкаў пакуль не было — да апошняе начы.
Паводле менскай міліцыі, паведамленьне пра выбух паступіла ў амбасаду ў 3 гадзіны 10 хвілінаў начы. А праз 25 хвілінаў амбасада паінфармавала пра гэта міліцыю.
Беларускіх міліцыянтаў на тэрыторыю амбасады не пусьцілі, бо служба бясьпекі амбасады сама ажыцьцявіла праверку тэлефоннага паведамленьня ды ніякіх выбуховых прыстасаваньняў не знайшла. Калі б такое прыстасаваньне было знойдзенае, тады б дапамога групы разьмініраваньня стала патрэбнай.
Цяпер Цэнтральны райаддзел міліцыі Менску праводзіць праверку, шукаючы тэлефоннага тэрарыста.
Мажліва, да расьсьледаваньня далучыцца й КГБ. Але, як паведамілі ў аддзеле інфармацыі й грамадзкіх сувязяў гарадзкой управы міліцыі, гаворкі пра тое, каб распачаць крымінальную справу, пакуль няма.
Апошні тэракт у дачыненьні да замежнай амбасады ў Менску быў зьдзейсьнены 31 траўня 2001 году на той жа вуліцы Старавіленскай — на тэрыторыю суседняй амбасады Расеі кінулі гранату. Ад выбуху ўтварылася варонка дыямэтрам да 17 сантымэтраў, ніхто не пацярпеў. Гэта было зроблена напярэдадні менскага саміту СНД, куды прыяжджаў і Ўладзімер Пуцін. Амэрыканскім дыпляматам цягам апошніх гадоў ніхто не пагражаў — ані па тэлефоне, ані іншым чынам, паведамляе Радыё Свабода.