Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
23 віцебскія прадпрымальнікі сабраліся 2 лютага ў памяшканьні крытага рынку “Мішэль” ды абвясьцілі пачатак бестэрміновае галадоўкі. Усе прадпрымальнікі - сябры незалежнага прафсаюзу “Пэрспэктыва”, прычым пераважная большасьць тых, хто наважыўся галадаваць – жанчыны. Прадпрымальнікі патрабуюць адмены распараджэньняў аблвыканкаму ды гарвыканкаму пра ўвядзеньне касавых апаратаў, наяўнасьці 70% беларускіх тавараў у гандлёвым асартымэнце, адмены наданьня крытым рынкам гораду статусу гандлёвых цэнтраў. А таксама яны патрабуюць пакараньняў дзеля тых адказных асобаў, якія замінаюць разьвіцьцю прыватнага бізнэсу ў Віцебску, паведамляе Радыё Свабода.
Паводле словаў намесьніка старшыні прафсаюзнай арганізацыі Барыса Элькіна, яны плянуюць заставацца ў памяшканьні рынку столькі часу, колькі спатрэбіцца гарадзкім уладам дзеля адмены сваіх апошніх пастановаў, якія, на думку прадпрымальнікаў, асабліва замінаюць ім працаваць.
Віцебскія прадпрымальнікі ўпершыню абралі менавіта такую форму грамадзкага пратэсту як галадоўка. Начальнік управы прадпрымальніцтва Віцебскага аблвыканкаму Валянцін Цьвяткоў пакуль што ўстрымліваецца ад любых камэнтроў. Ён заўважыў толькі тое, што цягам бліжэйшага часу патрабаваньні галадоўшчыкаў выкананыя быць ня могуць. Але ўжо сёння дзеля канкрэтнае размовы з прадпрымальнікамі да іх накіруюцца прадстаўнікі ўладаў, прычым ня толькі з Віцебску, але й з Менску.
Прадпрымальнікі таксама чакаюць падмацаваньня сваіх сілаў: мяркуецца, што да ўдзелу ў галадоўцы далучацца яшчэ некалькі чалавек,а на знак салідарнасьці зь імі заўтра распачнецца бестэрміновы страйк на віцебскіх рынках ды ў прыватных крамах горада. Белоруссия