Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
КГБ ня даў адказу на заяву сваякоў зьніклых 10:36, 04/02/2004
Закон патрабуе ад супрацоўнікаў КГБ не пазьней як праз 10 дзён адказаць на заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы. Сваякі зьніклых апазыцыянэраў зьвярнуліся з такой заявай 22 студзеня. Яны прасілі завесьці крымінальную справу паводле прыкметаў злачынства, у якім падазраюць генэральнага пракурора Віктара Шэймана, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і дзейнага міністра Ўладзімера Навумава, былога камандзіра СОБРу Зьмітра Паўлічэнку ды некаторых іншых асобаў. Сваякі лічаць, што яны могуць быць вінаватыя ў зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. 3 лютага тэрмін разгляду заявы скончыўся, але ў КГБ на яе не адрэагавалі.
Адвакат Гары Паганяйла, які дапамагаў скласьці заяву ў КГБ, высьветліў, што заява адпачатку не разглядалася ў адпаведнасьці з законам:
“Стала вядома, што дакумэнт належным чынам ня быў зарэгістраваны, не праходзіў праз канцылярыю, а адразу трапіў да старшыні КГБ Леаніда Ерына, і дагэтуль у яго. Такім чынам, у нас ёсьць падазрэньні, што з гэтай заявай спрабуюць абысьціся незаконна. Не даюць ні станоўчага, ні адмоўнага адказу, а абралі трэці неправавы варыянт — калі папера кладзецца ў стол і замаруджваецца”, -- паведаміў Гары Паганяйла Радыё Свабода.
Сьвятлана Завадзкая кажа, што прычынай заявы стаў недавер да сьледчых пракуратуры, якія, як яна лічыць, паказалі нежаданьне высьвятляць, ці датычныя да зьнікненьняў генэральны пракурор Віктар Шэйман ды іншыя кіраўнікі. Тое, што КГБ не жадае весьці сваё расьсьледаваньне справы, схіляе Сьвятлану Завадзкую да высноваў, што КГБ датычны да зьнікненьняў.
Нагадаю, адмысловы дакладчык ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс у сваім мэмарандуме наконт палітычных зьнікненьняў у Беларусі таксама зьвяртае ўвагу на нежаданьне ўладаў весьці сапраўднае расьсьледаваньне справаў зьніклых і асабліва высьвятляць магчымую датычнасьць да іх Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова ды іншых кіраўнікоў. Белоруссия