Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Чаму адмянілі візыт іранскага міністра замежных справаў у Менск? 15:24, 04/02/2004
Міністар замежных справаў Ірану Камаль Харазі адмяніў свой візыт у Менск, які павінен быў пачацца сёньня. Афіцыйна гэта тлумачыцца “тэхнічнымі прычынамі”. Незалежныя назіральнікі ўпэўненыя, што гэтае рашэньне выкліканае скасаваньнем сустрэчы спадара Харазі з Лукашэнкам.
Міністар замежных справаў Ірану Камаль Харазі адмяніў візыт у Менск у апошні момант. Учора ён быў у Кіеве, дзе правёў перамовы з усім кіраўніцтвам Украіны: прэзыдэнтам, кіраўніком ураду, старшынём парлямэнту, міністрам замежных справаў.
Яшчэ на мінулым тыдні Міністэрства замежных справаў Беларусі афіцыйна паведамляла, што першым пунктам візыту іранскага міністра ў Менск маюць быць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак пазьней гэтыя перамовы былі скасаваныя, бо беларускі кіраўнік усё яшчэ адпачывае на горным курорце ў Аўстрыі.
У амбасадзе Ірану пазьбягаюць дэтальных камэнтароў наконт рашэньня аб скасаваньні візыту спадара Харазі ў Беларусь. У МЗС Беларусі таксама настойваюць, што ніякай палітычнай прычыны няма.
Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў наўпрост зьвязвае рашэньне іранскага боку з тым, што была адмененая сустрэча з А.Лукашэнкам, але іранскі бок дыпляматычна пра гэта прамаўчыць, — упэўнены спадар Саньнікаў:
“Калі было ў праграме, што будзе сустрэча з Лукашэнкам, а потым яе адмяняюць, то гэта пэўная абраза госьця. Акрамя таго, яны ж ведаюць, што калі ёсьць нейкія пытаньні, то іх тут можна вырашаць толькі з Лукашэнкам, бо ён тут усім кіруе”, -- паведаміў Саньнікаў Радыё Свабода.
Андрэй Саньнікаў лічыць, што візыт іранскага прэзыдэнта Хатамі ў Беларусь таксама можа быць надоўга адкладзены.
“Па-першае, там у Іране сытуацыя вельмі складаная, вядома, што Хатамі займае больш канструктыўную пазыцыю ў гэтым парлямэнцкім крызысе, можна сказаць, нават выступае супарць вартавых ісьлямскай рэвалюцыі, і таму ня думаю, што яму было бы карысна ехаць сустракацца з кіраўніком краіны, якая зьнішчыла парлямэнт. Нават Іран можа мець пэўныя сумненьні наконт карысьці такіх сустрэчаў”, — зазначыў былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. Белоруссия